Мінск 01:06

У Крыме затрыманы падазроны ў замаху на вайскоўца грамадзянін Беларусі, сцвярджаюць расійскія медыя

24 кастрычніка, Позірк. Пра затрыманне ў Крыме грамадзяніна Беларусі Вячаслава Піскунова (паводле адных даных яму 61 год, паводле іншых — 63) паведаміў 24 кастрычніка шэраг расійскіх тэлеграм-каналаў і СМІ.

Сцвярджаецца, што мужчына, “што зарэгістраваны ў Чэхіі і пражывае ў Севастопалі”, затрыманы на падставе падазрэння ў замаху на вайскоўца ў горадзе Джанкой.

Паводле інфармацыі тэлеграм-канала Baza, Піскунова звязваюць з падрывам 23 верасня аўтамабіля “Шэўрале Авеа”, які належыць вайскоўцу, з дапамогай самаробнай выбухной прылады магутнасцю 500 г у тратылавым эквіваленце.

Следчыя нібыта выявілі ў Севастопалі “хованку”, якая належыць Піскунову, “дзе знаходзіліся электрадэтанатары, амаль 2 кг гексагену, пісталет-кулямёт і 138 патронаў”. Сцвярджаецца, што мужчына “даў прызнальныя паказанні”.

Baza паведамляе, што ў дачыненні да беларуса ўзбуджана крымінальная справа за “спробу забойства”, “захоўванне выбуховых рэчываў” і “наўмыснае пашкоджанне маёмасці”.

Тэлеграм-канал Mash сцвярджае, быццам “пенсіянер прызнаўся, што тэракт рыхтаваў на заданне куратараў з Украіны, ад іх жа атрымаў і выбухоўку”. Уладальнік падарванага аўтамабіля, паводле звестак рэсурсу, служыць у радыётэхнічных войсках Паветрана-касмічных сіл РФ.

Расія анэксавала Аўтаномную Рэспубліку Крым, якая ўваходзіць у склад Украіны, у 2014 годзе.

Падзяліцца: