Мінск 06:33

Журналіст Карней прызнаны палітвязнем

Крыніца: старонка Ігара Карнея ў "Фэйсбуку"

25 сакавіка, Позірк. Беларускія праваабарончыя арганізацыі прызналі журналіста Ігара Карнея палітычным зняволеным, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ).

У заяве, якую падпісалі таксама праваабарончы цэнтр “Вясна”, Беларускі ПЭН і “Прававая ініцыятыва”, адзначаецца, што пераслед журналіста з’яўляецца “працягам мэтанакіраванай палітыкі ўладаў па абмежаванні распаўсюджвання непадцэнзурнай інфармацыі ў краіне і працягам наступу на свабоду слова”.

Праваабаронцы патрабуюць “неадкладнага вызвалення Ігара Карнея і спынення ў дачыненні да яго крымінальнага пераследу; адмовы ад выкарыстання метадаў крымінальнага пераследу як інструмента ціску на свабоду выказвання меркавання, ці іншыя правы і свабоды; неадкладнага спынення рэпрэсій, а таксама вызвалення ўсіх палітычных зняволеных”.

22 сакавіка Мінскі гарадскі суд прыгаварыў Карнея да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі паводле ч. 3 арт. 3611 Крымінальнага кодэкса (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім).

Яго затрымалі 17 ліпеня 2023 года, У доме журналіста прайшоў ператрус. Спачатку Карнея арыштавалі на 10 сутак нібыта за падпіску на “экстрэмісцкія” рэсурсы, але праз узбуджэнне крымінальнай справы на волю ён не выйшаў. Судовае разбіральніцтва пачалося 19 сакавіка.

Доўгі час Ігар Карней супрацоўнічаў з незалежнымі медыя.

На 25 сакавіка ў Беларусі 1.407 палітвязняў, прызнаных праваабарончай супольнасцю.

Падзяліцца: