Мінск 02:20

На выездзе з Беларусі ў краіны ЕС сабралася каля 3,4 тыс. грузавікоў

Пункт пропуску Беняконі на мяжы з Літвой
Архіўнае фота: тэлеграм-канал "Пул 4 Рэгіён"

26 сакавіка, Позірк. На 10:00 26 сакавіка не менш за 3.410 вялікагрузных аўтамабіляў чакала выезду з Беларусі ў Польшчу, Літву і Латвію, паведамляе Дзяржаўны памежны камітэт.

Больш за ўсё фур сабралася на літоўскім кірунку (2.240), у прыватнасці ў пункце пропуску Каменны Лог (з другога боку — Мядзінінкай) — 1.130, Беняконі (Шальчынінкай) — 1.110.

У адзіным працуючым пункце Грыгароўшчына (Патэрніекі) на мяжы з Латвіяй — у чарзе знаходзіцца 820 грузавікоў, у пункце Казловічы (Кукурыкі) — 350.

Беларускія пагранічнікі рэгулярна абвінавачваюць калег, асабліва літоўскіх, у павольным афармленні грузавога транспарта, а часам і бяздзейнасці. Літоўцы на гэта адказваюць, што іх беларускія калегі проста “яшчэ не прыстасаваліся да працы” ў новых умовах, калі працуюць толькі 2 з 6 існых пунктаў пропуску.

18 жніўня 2023 года Літва закрыла пункты пропуску Шумскас (з беларускага боку — Лоша) і Цвярачус (Відзы), 1 сакавіка 2024-га — Лаварышкес (Катлоўка) і Райгардас (Прывалка). На мяжы з Беларуссю працягваюць працаваць два памежныя пераходы — Мядзінінкай і Шальчынінкай.

Пасля вынясення палітычна матываванага выраку журналісту, актывісту неафіцыйнага Саюза палякаў Беларусі Анджэю Пачобуту (8 гадоў пазбаўлення волі) 10 лютага 2023 года Польшча на нявызначаны тэрмін закрыла адзін з двух даступных для падарожнікаў пунктаў пропуску — Баброўнікі (з беларускага боку Бераставіца).

19 верасня 2023 года праз узрослую плынь нелегальных мігрантаў з боку Беларусі Латвія на нявызначаны тэрмін закрыла і забарыкадавала пункт пропуску Сілене (Урбаны).

Падзяліцца: