Мінск 20:34

Сабор пры РПЦ заклікаў заканадаўча замацаваць у РФ дактрыну “трыадзінства рускага народа”

Патрыярх Кірыл і Уладзімір Пуцін
Фота: kremlin.ru

28 сакавіка, Позірк. Расіі неабходна “вярнуцца да існуючай больш за тры стагоддзі дактрыне трыадзінства рускага народа”, згодна з якой рускі народ складаецца з “вялікаросаў, маларосаў і беларусаў”.

Пра гэта гаворыцца ў зацверджаным на пасяджэнні XXV Сусветнага рускага народнага сабора наказе “Сучаснасць і будучыня рускага свету”.

“Акрамя прызнання і развіцця ў айчыннай навуцы, дактрына трыадзінства павінна атрымаць заканадаўчае замацаванне, стаўшы неад’емнай часткай расійскай сістэмы права. Трыадзінства павінна быць уключанае ў нарматыўны пералік расійскіх духоўна-маральных каштоўнасцяў і атрымаць адпаведную прававую абарону”, — заяўляюць у РПЦ.

Падкрэсліваецца, што паняцце “рускі” ахоплівае “ўсіх усходніх славян”.

У дакуменце вайна, развязаная Расіяй супраць Украіны, названая “новым этапам нацыянальна-вызваленчай барацьбы рускага народа супраць злачыннага кіеўскага рэжыму і калектыўнага Захаду <…> на землях Паўднёва-Заходняй Русі з 2014 года”. Пасля завяршэння ваенных дзеянняў “уся тэрыторыя сучаснай Украіны павінна ўвайсці ў зону выключнага ўплыву Расіі”.

Саборны з’езд прайшоў у Маскве пад старшынствам патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла.

Зацверджаны наказ “з’яўляецца праграмным дакументам XXV Сусветнага рускага народнага сабора, а таксама наказам, адрасаваным органам заканадаўчай і выканаўчай улады Расіі”, адзначаецца ў паведамленні.

Сусветны рускі народны сабор — міжнародная грамадская арганізацыя, заснаваная ў траўні 1993 года пад эгідай Рускай праваслаўнай царквы (РПЦ). Паводле статуту, кіраўніком сабора з’яўляецца патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі. Саборныя пасяджэнні праводзяцца штогод.

Падзяліцца: