Мінск 21:34

Ціханоўская ў Нью-Ёрку абмеркавала беларускую праблематыку з кіраўнікамі МЗС Нідэрландаў і Фінляндыі

20 верасня, Позірк. Беларуская праблематыка абмяркоўвалася на сустрэчах дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай з кіраўнікамі МЗС Нідэрландаў і Фінляндыі 19 верасня ў Нью-Ёрку на палях 78-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН.

“Я была рада сустрэцца з новым міністрам замежных спраў Нідэрландаў Ханке Бруінс Слот. <…> Беларусам пашанцавала, што Нідэрланды з’яўляюцца нашым надзейным саюзнікам і сябрам. — напісала палітык у “Твітары”. — Мы разлічваем на тое, што Нідэрланды працягнуць падтрымліваць беларусаў і ўкраінцаў, якія змагаюцца за свабоду і еўрапейскую будучыню”.

Па выніках сустрэчы з кіраўніком фінскага знешнепалітычнага ведамства Элінай Валтонен Ціханоўская адзначыла, што Фінляндыя “даўно падтрымлівае дэмакратычную Беларусь”.

“Сёння, калі наша незалежнасць знаходзіцца пад пагрозай, мы абмеркавалі прысутнасць [наймітаў групоўкі] “Вагнер” і размяшчэнне ядзернай зброі [на беларускай тэрыторыі]. Размаўлялі таксама пра фінска-беларускую канферэнцыю ў Хельсінкі”, — паведаміла дэмлідар.

Святлана Ціханоўская наведвае ЗША 17–23 верасня. Палітык ужо сустрэлася з віцэ-прэзідэнтам карпарацыі Microsoft Тэрэзай Хатсан, кіраўніком упраўлення па глабальным крымінальным правасуддзі Дзяржаўнага дэпартамента ЗША Бэт Ван Схаак, прэзідэнтам Гватэмалы Алехандра Джаматэі, лідарамі амерыканскай яўрэйскай супольнасці ды інш. 21 верасня з яе ініцыятывы дэлегацыя Еўрасаюза арганізуе адмысловае мерапрыемства “Пагроза незалежнасці Беларусі і міжнародны адказ”, у якім, як чакаецца, возьмуць удзел кіраўнікі знешнепалітычных ведамстваў Літвы і Ісландыі, дзяржаўны міністр МЗС Германіі, намеснік дзяржсакратара Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў, шэраг намеснікаў кіраўнікоў МЗС еўрапейскіх краін.

Падзяліцца: