Мінск 05:35

Міграцыйная служба Літвы пакуль не плануе дэпартаваць мужа Карач

Фота: Delfi / Andrius Ufartas

1 красавіка, Позірк. Працэдура дэпартацыі з Літвы беларускага журналіста Алега Баршчэўскага, мужа праваабаронцы Вольгі Карач, не пачыналася, на працягу трох месяцаў будзе разгледжана яго прашэнне аб выдачы дазволу на права жыхарства, паведамляе інфармагенцтва BNS са спасылкай на начальніка Дэпартамента міграцыі пры літоўскім МУС Эвеліну Гудзінскайтэ.

Такім чынам чыноўніца адрэагавала на заяву арганізацыі “Наш дом”, якую ўзначальвае Карач, пра тое, што міграцыйная служба пачала працэс дэпартацыі Баршчэўскага.

Разам з тым, паводле слоў Гудзінскайтэ, цяпер мужчына знаходзіцца ў краіне нелегальна, паколькі “у надзеі атрымаць прытулак не паклапаціўся пра падаўжэнні наяўнага ў яго ДНЖ”.

“З фармальнага пункту гледжання ён мусіць пакінуць Літву, сказалі яму паводле стандартнай працэдуры. Але ён на гэта адрэагаваў неадэкватна, узняў шум, адмовіўся супрацоўнічаць з Дэпартаментам міграцыі і даць тлумачэнні, чаму ён не можа пакінуць Літву”, — заявіла кіраўніца міграцыйнай службы.

Паводле яе слоў, звычайна, калі замежнік не згодны пакінуць Літву самастойна, яго звесткі перадаюцца ў Службу аховы дзяржаўнай мяжы, “якая паклапоціцца пра выезд чалавека з краіны”.

“Але сітуацыя з беларускімі грамадзянамі нестандартная, — прызнала Гудзінскайтэ. — Дэпартамент ацэньвае, ці бяспечна дэпартаваць чалавека з Літвы. У гэтым выпадку мы нават не дайшлі да адпраўкі рашэння, <… > Дэпартамент міграцыі ў цяперашні час не плануе высылаць яго (Баршчэўскага. — “Позірк”.) з Літвы”.

Паводле слоў кіраўніцы ведамства, хаця Баршчэўскі адмовіўся супрацоўнічаць з установай і патлумачыць, чаму ён не можа пакінуць краіну, яго не будуць прымусова адпраўляць у Беларусь. Аднак праз незаконнае знаходжанне на літоўскай тэрыторыі ён будзе пакараны ў адміністрацыйным парадку.

Цяпер мужчына просіць падоўжыць дазвол на пражыванне з той прычыны, што ў Літве жывуць яго дзеці. “Калі дакументы дакладныя, яму будзе выдадзены дазвол на жыхарства на падставе ўз’яднання сям’і”, — патлумачыла чыноўніца.

Адмову даць Баршчэўскаму прытулак Гудзінскайтэ аргументавала тым, што Баршчэўскі абгрунтаваў неабходнасць атрымання адпаведнага статусу дзейнасцю жонкі, аднак кожная сітуацыя “ацэньваецца індывідуальна”.

Пра тое, што Дэпартамент міграцыі Літвы распачаў працэс дэпартацыі Баршчэўскага, сайт “Нашага дома” паведаміў 25 сакавіка.

Заяўлялася, што ў Беларусі “Алегу пагражае да сямі гадоў турмы як рэдактару сайта nash-dom.info, прызнанаму ў Беларусі экстрэмісцкім, які, у сваю чаргу, належыць беларускай праваабарончай арганізацыі “Наш дом”, прызнанай у Беларусі “экстрэмісцкім фарміраваннем”.

18 жніўня 2023 года Карач заявіла, што Вільнюс адмовіўся даць ёй палітычны прытулак. Праз некалькі дзён BNS паведаміла, што Дэпартамент дзяржбяспекі Літвы прыняў адпаведнае рашэнне на падставе інфармацыі пра супрацу беларускі з расійскімі спецслужбамі.

Намеснік дырэктара Дэпартамента міграцыі МУС Літвы Люцыя Войшніс адзначыла, што Карач “з гуманітарных меркаванняў быў нададзены часовы дазвол на жыхарства тэрмінам на адзін год”.

У студзені 2024 года галоўны адміністрацыйны суд Літвы пакінуў у сіле рашэнне ранейшых інстанцый пра адмову Карач у наданні прытулку.

Падзяліцца: