Мінск 00:05

Фемгрупа КР заявіла аб пераўтварэнні ў “асобную арганізацыю”

Крыніца: КР

5 красавіка, Позірк. Фемгрупа Каардынацыйнай рады (КР) заявіла аб пераўтварэнні ў “асобную арганізацыю”, якая будзе займацца “прасоўваннем феміністычнага парадку дня” ў фармаце “больш шырокага супрацоўніцтва з беларускай фем/квір-супольнасцю”.

“Для нас было вельмі важна і каштоўна на працягу 3,5 гадоў з моманту нашага заснавання быць часткай Каардынацыйнай рады як аб’яднання прадстаўніц беларускай грамадзянскай супольнасці і палітычных партый і арганізацый, аднак прыйшоў час рухацца далей”, — гаворыцца ў паведамленні.

“Дэ-факта на працягу ўсяго часу мы былі больш, чым проста рабочая група ў складзе КР: займаліся не толькі прасоўваннем палітычнага ўдзелу жанчын і пашырэннем правоў і магчымасцяў для іх у полі палітыкі, але таксама праводзілі адукацыйную дзейнасць і адвакатыўныя кампаніі па мэтах гендарнага мэйнстрымінгу, рабілі даследаванні на тэмы хатняга гвалту, правоў жанчын і гендарнай роўнасці ў Беларусі і г.д”, — заявілі актывісткі.

Падкрэсліваецца, што “місія, роўна як мэты і задачы” фемгруппы “застаюцца ранейшымі, змяняецца толькі статус дэ-юрэ”.

Таксама паведамляецца, што ў складзе КР да заканчэння тэрміну паўнамоцтваў цяперашняга склікання будуць працягваць сваю дзейнасць прадстаўніцы групы, якія з’яўляюцца адначасова членамі КР. Сярод іншага яны будуць займацца “падрыхтоўкай да выбараў у КР новага складу і прыцягненнем для ўдзелу ў іх як мага большай колькасці актыўных жанчын”.

Фемгрупа з’явілася ў КР у жніўні 2020 года. Яна аб’яднала актывістак і феміністак з мэтай прасоўвання гендарнай роўнасці ў палітыцы дэмакратычнай Беларусі.

Галасаванне па выбарах членаў Каардынацыйнай рады трэцяга склікання запланаванае на 25–28 траўня 2024 года. Яго першае пасяджэнне чакаецца 15 чэрвеня.

Падзяліцца: