Мінск 18:15

Брэсцкая вобласць дазволіла фізічным асобам вывозіць у Польшчу прадукты для сябе без абмежаванняў

Ілюстратыўнае фота: pikabu.ru

6 красавіка, Позірк. Да канца 2024 года фізічныя асобы могуць без абмежаванняў вывозіць у Польшчу шэраг прадукцыі на ўласныя патрэбы, вынікае з пастановы Брэсцкага аблвыканкама № 237 ад 28 сакавіка.

У дакуменце, апублікаваным 6 красавіка на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, гаворка ідзе пра пералік і колькасць тавараў для асабістага карыстання, забарона на вываз якіх замацавана пастановай Савета міністраў № 224 ад 12 красавіка 2022 года “Аб мерах па абароне ўнутранага рынку”.

У сярэдзіне студзеня абмежаванні на вываз прадуктаў у Польшчу зняла Гродзенская вобласць, а ў канцы таго ж месяца аналагічнае рашэнне прыняла Віцебская вобласць — у дачыненні да Літвы і Латвіі.

Згаданая пастанова ўрада ўсталявала забарону на вываз за межы ЕАЭС больш за 2 кілаграмы пшанічнай мукі, больш за 1 кг грачанай, рысавай, аўсянай, маннай, пярловай круп, проса, аўсяных шматкоў, макаронных вырабаў, солі і цукру, звыш 1 літра алею, больш за 3 слоікі мясных, рыбных і малочных кансерваў (акрамя дзіцячага харчавання). Абмежаванне не тычыцца тавараў, набытых у магазінах бяспошліннага гандлю і “іншых месцах або выпадках, вызначаных аблвыканкамамі”.

На падставе рашэння Аляксандра Лукашэнкі да канца гэтага года жыхары Літвы, Латвіі і Польшчы могуць наведваць Беларусь у бязвізавым парадку.

У красавіку 2022 года, неўзабаве пасля прыняцця ўрадам згаданай пастановы, Лукашэнка заявіў, што жыхары суседніх краін ЕС “стаяць уздоўж мяжы” і “просяць купіць хаця б грэчкі і солі”.

Пазней ён зноў выкарыстаў гэтую спрэчную інфармацыю, каб патлумачыць, чаму, на яго думку, улады суседніх еўрапейскіх краін перашкаджаюць выезду сваіх грамадзян у Беларусь: “Чаму? Бо едуць людзі да нас, купляюць соль. У іх няма солі! Вялікі, багаты Захад, а солі няма! І каб людзі не казалі пра тое, што беларусы нармальна жывуць, яны іх проста не выпускаюць. Вось і ўся дэмакратыя!”

Падзяліцца: