Мінск 12:02

Лукашэнка прызначыў намеснікам кіраўніка сваёй адміністрацыі Пярцова, які дагэтуль быў міністрам інфармацыі (дапоўнена)

Архіўнае фота: Міністэрства інфармацыі

8 красавіка, Позірк. Аляксандр Лукашэнка 8 красавіка прызначыў намеснікам кіраўніка сваёй адміністрацыі Уладзіміра Пярцова, які дагэтуль быў міністрам інфармацыі.

“Ідэалагічная праца сёння выходзіць на першы план, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. — І прынятае рашэнне аб накіраванні вас у Адміністрацыю прэзідэнта на пасаду кіраўніка інфармацыйнай вось гэтай сферы наогул у краіне”.

Ён нагадаў, што 7 сакавіка, прызначаючы Аляксандра Ягорава намеснікам кіраўніка сваёй адміністрацыі па эканоміцы, заявіў пра неабходнасць “неяк сканцэнтравацца і вывесці, выбудаваць піраміду”.

Гэтак жа сама, паводле слоў Лукашэнкі, “трэба падцягнуць, прывесці ў парадак сродкі масавай інфармацыі ўсе, ідэалагічную працу і вывесці на намесніка кіраўніка адміністрацыі”. “Можа быць, нават мець камісію нейкую пад сваім кіраўніцтвам, каб параіцца, своечасова адрэагаваць”, — сказаў ён.

Уладзімір Пярцоў нарадзіўся 7 траўня 1974 года ў Віцебску.

У 1996 годзе скончыў Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт, у 2007-м — Акадэмію кіравання.

Да Міністэрства інфармацыі працаваў на Віцебскім і Гродзенскім абласных тэлерадыёаб’яднаннях, узначальваў “Тэлерадыёкампанію “Гродна” і дырэкцыю вяшчання тэлеканала “РТР-Беларусь”, а таксама прадстаўніцтва МТРК “Мір” у Беларусі.

Падзяліцца: