Мінск 09:12

У Магілёве асудзілі дырэктара прадпрыемства за продаж “сацыяльна значнай” гародніны па завышаных цэнах

Фота: "Позірк"

11 красавіка, Позірк. Суд Ленінскага раёна Магілёва 4 красавіка прыгаварыў дырэктара ТАА “Шэдар Плюс” да 3 гадоў пазбаўлення волі і штрафу ў памеры 400 базавых велічынь (16 тыс. рублёў) з адтэрміноўкай пакарання на 2 гады, паведаміла прэс-служба Вярхоўнага суда.

Заяўляецца, што “абвінавачаная Л.” з ліпеня 2020 года па жнівень 2022-га, імкнучыся “атрымаць незаконным спосабам прыбытак” для паляпшэння “матэрыяльнага дабрабыту”, “арганізавала рэалізацыю <…> па завышаных цэнах плодаагародніннай прадукцыі, аднесенай да катэгорыі сацыяльна значных тавараў, цэны на якую рэгулююцца дзяржаўнымі органамі”.

“У выніку абвінавачаная, перавысіўшы свае службовыя паўнамоцтвы, здзейсніла дзеянні, якія пацягнулі цяжкія наступствы ў выглядзе прычынення шкоды дзяржаве і нявызначанаму колу грамадзян, якія набывалі тавары па завышаных цэнах, на агульную суму 85,4 тыс. рублёў, а таксама істотную шкоду дзяржаўным і грамадскім інтарэсам”, — гаворыцца ў паведамленні.

Адзначаецца, што абвінавачаная цалкам прызнала віну паводле ч. 3 арт. 426 Крымінальнага кодэкса (перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў).

Згодна з рашэннем суда, ёй таксама забаронена на працягу 5 гадоў займаць пасады, звязаныя з “ажыццяўленнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў”.

6 кастрычніка 2022 года па выніках праведзенай у той жа дзень нарады Аляксандр Лукашэнка падпісаў дырэктыву № 10 “Аб недапушчальнасці росту цэн”.

19 кастрычніка ў яе развіццё з’явілася пастанова ўрада № 713 “Аб сістэме рэгулявання цэн”, якая пасля неаднаразова падвяргалася карэктывам.

29 снежня 2023 года была прынятая чацвёртая рэдакцыя дакумента, згодна з якой без узгаднення з дзяржорганамі дазваляецца павышэнне цэн не больш чым на 0,3% штомесяц на кантраляваныя тавары (усяго 331 пазіцыя, 124 адносяцца да харчавання, 207 — да нехарчовых тавараў).

19 студзеня гэтага года кіраўнік Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Аляксей Багданаў паведаміў, што ведамства “ажыццяўляе рэгуляторыку практычна 85% усіх коштаў, якія ёсць на спажывецкім рынку”.

На нарадзе аб развіцці прамысловасці 9 красавіка Лукашэнка назваў рэгуляванне цэн “унікальнай аперацыяй у рынкавай, так бы мовіць, эканоміцы” і раскрытыкаваў рынкавую мадэль, заявіўшы, што Беларусі “гэты рынак падкінулі” канкурэнты.

У 2023 годзе за парушэнне правілаў цэнаўтварэння прыпынялася праца 23 суб'ектаў гандлю

22 лютага, Позірк. "Пры выяўленні грубых парушэнняў Камітэт дзяржаўнага кантролю (КДК) рэагуе досыць жорстка: летась 53 суб'екты гаспадарання паводле пастановы камітэта прыпынялі працу, пры гэтым 23 суб'екты — за парушэнне дысцыпліны цэн", — заявіў 22 лютага на прэс-канферэнцыі "Цэнавая палітыка …
Падзяліцца: