Мінск 19:03

Ціханоўская нагадала прэзідэнту Грэцыі аб адказнасці рэжыма Лукашэнкі за захоп самалёту Ryanair

Фото: пресс-служба Светланы Тихановской

12 красавіка, Позірк. Дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская падчас сустрэчы 12 красавіка з прэзідэнтам Грэцыі Кацярынай Сакелларопулу нагадала аб прыцягненні рэжыма Аляксандра Лукашэнкі да адказнасці за захоп самалёту авіякампаніі Ryanair. Аб гэтым паведаміў “Позірку” галоўны дарадца дэмлідара Франак Вячорка.

Падчас сустрэчы палітыкі абмеркавалі сітуацыю ў Беларусі і рэгіёне, згадалі апошнюю сустрэчу ў Афінах, пасля якой адбыўся інцыдэнт з захопам самалёта.

Бакі таксама абмеркавалі шляхі прыцягнення Мінска да адказнасці за “выкраданне украінскіх дзяцей і злачынствы супраць чалавечнасці”, адзначыў Вячорка.

Акрамя гэтага, паводле яго слоў, абмяркоўваліся праблемы легалізацыі беларусаў у Грэцыі, “дакументы і пратэрмінаваныя пашпарты”, а таксама праграмы рэабілітацыі для дзяцей рэпрэсаваных.

12 красавіка Ціханоўская таксама правяла сустрэчу з мэрам Афін Харысам Дукасам, з якім абмеркавала “ініцыятывы культурнай дыпламатыі, у тым ліку рэзідэнцыі для беларускіх творцаў, стажыроўкі для “Кадравага рэзерву”, падтрымку сумленнага беларускага бізнесу, арганізацыю выставаў і беларуска-грэцкія мерапрыемствы”. Дэмлідар звярнулася да мэра з просьбай падтрымліваць беларускую дыяспару ў Афінах.

Ціханоўская наведвае Грэцыю 11–12 красавіка.

23 траўня 2021 года беларускія ўлады арганізавалі вымушаную пасадку ў Мінску самалёта Ryanair, што ляцеў з Афін у Вільнюс. На борце знаходзіліся апазіцыйны на той момант блогер Раман Пратасевіч і яго сяброўка Сафія Сапега. Іх затрымалі, асудзілі, але потым яны былі памілаваныя.

Падзяліцца: