Мінск 12:42

Коўшык: Улады Польшчы робяць, што могуць, каб дапамагчы Анджэю Пачобуту

Апублікавана ў адкрытай версіі “Позірку” 17 красавіка а 18:00

Анджэй Пачобут
Архіўнае фота: "Белсат"

17 красавіка, Позірк. Сустрэча старшыні Саюза палякаў Беларусі, які не прызнаецца ўладамі, Анжалікі Борыс з палітзняволеным актывістам арганізацыі, журналістам Анджэем Пачобутам сведчыць аб тым, што “ціск, які ідзе з боку польскай дзяржавы, можа прыносіць нейкая вынікі”.

Такое меркаванне выказала прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) па нацыянальным адраджэнні Аліна Коўшык 16 красавіка ў Варшаве на сустрэчы, прымеркаванай да яго 51-га дня нараджэння.

“Я ведаю, што польскія ўлады робяць, што могуць, каб дапамагчы Анджэю”, — сказала яна.

Паводле Коўшык, ёй не вядомыя дэталі ўзгаданай сустрэчы.

“Самае страшнае, што зараз адбываецца з беларускімі турмамі, — гэта інкамунікада. Гэта сітуацыя, калі мы нічога не ведаем пра нашых палітычных лідараў. Гэта здзек з людзей — тых, якія за кратамі, і тых, якія на волі. Блізкія не ведаюць, ці іх родныя жывыя”, — дадала прадстаўніца АПК.

Пачобута яна назвала маральным аўтарытэтам для беларусаў. “Гэта сапраўдны патрыёт Беларусі. Гэта, сапраўды, чалавек, які ведае, шануе сваё паходжанне, свае карані — польскія, але застаецца беларускім патрыётам”, — лічыць палітык.

“У яго быў выбар. Кожны з нас робіць выбар. Анджэй яшчэ раней казаў: “Я ведаю, што я траплю ў лагер, я ведаю, што мой шлях мяне туды завядзе”. І таксама Анджэй казаў пра тое, што мы не выбіраем час, у якім мы жывем, але мы выбіраем тое, як мы жывем. Я хацела б, каб мы ацэньвалі тое, што адбываецца з Анджэем, менавіта з гэтай перспектывы — гэта яго свядомы выбар, гэта яго свядомая барацьба”, — падкрэсліла Коўшык.

Палітзняволенаму не перадаюць лекі, нагадала яна, “у яго вельмі вельмі цяжкі фізічны стан, але псіхічна і маральна ён проста скала”.

Каментуючы факт сустрэчы Борыс з Пачобутам, кіраўнік усходняй рэдакцыі польскага Radio Wnet Павел Бабаловіч заявіў: “Няма такога рэжыму, які бы не меў уразлівых месцаў. А Беларусь, на шчасце, яшчэ не з’яўляецца такім рэжымам, як Паўночная Карэя. І агулам застаецца вельмі шырокай сувязь з заходнім светам, у прыватнасці, з Польшчай”.

“Рэжым і людзі рэжыму ўсё яшчэ вядуць бізнес у Заходняй Еўропе, на жаль, таксама ў маёй краіне — ў Польшчы. Рэжым Лукашэнкі зарабляе грошы і на продажы, і на куплі тавараў”, — дадаў журналіст.

Гаворка сярод іншага ідзе аб транзіце падсанкцыйных тавараў праз Беларусь ў Расію, вынікае з яго слоў.

“Ціск у пэўных месцах можа выклікаць тое, што нават такі вялікі вораг — ментальны, асабісты, сістэмны вораг для рэжыму Лукашэнкі, як Анджэй Пачобут, з’яўляецца меней каштоўным, чым гэтыя інтарэсы”, — падкрэсліў Бабаловіч.

Інфармацыйная блакада, у якой трымаюць Пачобута, на яго думку, пацвярджае, што ўлада ў Мінску “далей баіцца” палітзняволенага, які “нясе праўду і гаворыць праўду”.

“Відавочна, ён мог выехаць раней, пакуль не быў затрыманы, ведаў, што зробіць рэжым ⟨…⟩, але выбраў несці ўсе наступствы”, — сказаў прадстаўнік Radio Wnet.

Пра сваю сустрэчу з Пачобутам Борыс паведаміла на прыёме прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды 15 красавіка ў Варшаве.

Удакладнялася, што сустрэча адбылася ў наваполацкай калоніі № 1 (Віцебская вобласць) “з ухвалення Аляксандра Лукашэнкі”.

Фігуранты “справы палякаў”, па якой праходзілі Борыс, Пачобут, кіраўнік лідскай суполкі арганізацыі Ірэна Бярнацкая і дырэктар грамадскай школы пры саюзе ў Ваўкавыску (Гродзенская вобласць) Марыя Цішкоўская, дырэктар польскай школы ў Брэсце Ганна Панішава, былі затрыманыя ў сакавіку 2021 года. Іх абвінавацілі паводле арт. 130 КК (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці або варожасці). Напрыканцы траўня Панішаву, Бярнацкую і Цішкоўскую вывезлі ў Польшчу без права на вяртанне.

Пасля яны падзякавалі за дапамогу ў вызваленні Дуду.

Абвінавачанні супраць Борыс былі знятыя ў красавіку 2023 года. Да гэтага яна год знаходзілася пад вартай і пад хатнім арыштам.

8 лютага 2023 года Гродзенскі абласны суд прыгаварыў Пачобута да 8 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва умовах ўзмоцненага рэжыму. Суддзя Дзмітрый Бубенчык прызнаў яго вінаватым паводле ч. 3 арт. 130 і ч. 3 арт. 361 (заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцый), накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы) КК.

Фігуранты справы былі прызнаныя палітвязнямі.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, у 2021 годзе Пачобут адмовіўся пісаць прашэнне аб памілаванні.

Ён унесены ў “Пералік арганізацый і фізічных асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці”.

Таксама ён быў палітзняволеным ў 2011–2013 гадах.

Пасля вынясення выраку журналісту 10 лютага 2023 года Польшча на нявызначаны тэрмін закрыла адзін з двух даступных для падарожнікаў пунктаў пропуску — Баброўнікі (з беларускага боку Бераставіца).

Для вызвалення Пачобута Польшчы варта цалкам перакрыць грузавыя зносіны з Беларуссю — Латушка

16 красавіка, Позірк. Для вызвалення журналіста Анджэя Пачобута і "тысяч іншых палітвязняў" Польшчы варта "пайсці на прынцып" і "цалкам перакрыць грузавыя зносіны з Беларуссю, у тым ліку чыгуначныя", перакананы намеснік кіраўніка Аб'яднанага пераходнага кабінета (АПК), кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) …
Падзяліцца: