Мінск 23:32

Авіякампанія Red Wings будзе лётаць па маршруце Чэлябінск — Мінск

Адміністрацыйны будынак Паўднёва-Уральскай чыгункі (Чэлябінск), падсвечаны літарай Z — сімвалам расійскай агрэсіі супраць Украіны (2022 год)
Фота: yuzd.rzd.ru

18 красавіка, Позірк. Расійская авіякампанія Red Wings выйграла конкурс на атрыманне субсідыі для ажыццяўлення пасажыраперавозак з Чэлябінска (РФ) у Мінск.

Паводле інфармацыі Міністэрства дарожнай гаспадаркі і транспарту Чэлябінскай вобласці, у красавіку запланавана падпісанне адпаведнага пагаднення, палёты будуць ажыццяўляцца з другой паловы траўня.

Гэта адбудзецца ў рамках выканання даручэння губернатара рэгіёну Аляксея Тэкслера і рэалізацыі пагаднення з урадам Беларусі.

3 красавіка самалёты “Белавія” пачалі лётаць паміж Брэстам і Масквой, 22 сакавіка — паміж Гомелем і Санкт-Пецярбургам. З 25 красавіка будуць ажыццяўляцца рэйсы паміж Мінскам і Махачкалай, 28 траўня плануецца аднавіць прамыя рэйсы паміж Мінскам і Мурманскам (выконваліся ў траўні — кастрычніку 2023 года, перапыненыя на зімовы перыяд).

Створаная ў 1999 годзе авіякампанія Red Wings ўваходзіць у дзесятку найбуйнейшых расійскіх авіяперавозчыкаў. Яе спецыялізацыя — рэгулярныя і чартарныя рэйсы, лётае па больш чым 100 расійскіх і міжнародных маршрутах.

Базавыя аэрапорты — Жукоўскі, Дамадзедава, Кальцова (Екацерынбург) і аэрапорт імя Ігара Курчатава ў Чэлябінску.

Падзяліцца: