Мінск 15:13

Ціханоўская папрасіла Венгрыю заняць “больш жорсткую пазіцыю” ў стаўленні да рэжыму Лукашэнкі

Фота: офіс Святланы Ціханоўскай

23 красавіка, Позірк. У рамках саміту спікераў парламентаў краін Еўрасаюза Святлана Ціханоўская правяла шэраг двухбаковых сустрэч, паведаміў “Позірку” яе галоўны дарадца Франак Вячорка.

Са спікерам парламента Славеніі Уршкай Клакачар-Зупанчыч Ціханоўская абмеркавала групу сяброў Беларусі, падтрымку Люблянай беларускай тэмы ў Савеце бяспекі ААН, удзел у кампаніі “сімвалічных хросных” для палітвязняў.

Спікеру Сейма Польшчы Шымону Галаўні дэмлідар падзякавала за падтрымку беларусаў, абмеркаваўшы з ім таксама сітуацыю з палітвязняволеным журналістам Анджэем Пачобутам. Ціханоўская папрасіла яго павялічыць падтрымку незалежных беларускіх СМІ і грамадзянскай супольнасці.

На перамовах са спікерам парламента Венгрыі Ласла Кёверам Ціханоўская, паводле слоў Вячоркі, выказала пажаданне, каб Будапешт заняў “больш жорсткую пазіцыю ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі і прытрымліваўся агульнаеўрапейскай лініі”. Палітык прапанавала Венгрыі падтрымліваць кантакты з дэмакратычнымі сіламі Беларусі.

Са спікерам ніжняй палаты парламента Італіі Ларэнца Фантана Ціханоўская абмеркавала міжпарламенцкую сустрэчу груп “За дэмакратычную Беларусь”, якая пройдзе восенню, а таксама падтрымку Рымам Беларусі і Украіны. У італьянскім парламенце, нагадаў Вячорка, самая вялікая група “сяброў Беларусі”, у яе ўваходзяць 64 дэпутаты.

Старшыня Бундэсрата Мануэла Швезіг і Ціханоўская абмеркавалі гуманітарную дапамогу для рэпрэсаваных беларусаў і супрацоўніцтва дэмсілаў з рэгіянальнымі нямецкімі ўладамі.

Ціханоўская падзякавала спікеру парламента Эстоніі Лауры Гусара за рашэнне дэпутатаў гэтай краіны не ўводзіць абмежаванні ў дачыненні да беларусаў.

Спікеру Сейма Літвы Вікторыю Чміліце-Нільсэн Ціханоўская падзякавала за згадку Беларусі ў яе прамове на саміце. Вячорка адзначыў, што палітык папрасіла яе не ўводзіць абмежаванні ў дачыненні да паездак на радзіму беларусаў з літоўскім ВНЖ.

Ціханоўская падзякавала кіраўніку ніжняй палаты парламента Іспаніі Франсіну Арменгол за запрашэнне на саміт. Бакі дамовіліся аб стварэнні ў новым складзе іспанскага парламента “групы сяброў Беларусі”. Ціханоўская распавяла Арменгол пра беларускіх палітвязняў і ўдзел рэжыму Лукашэнкі ў расійскай агрэсіі супраць Украіны. Спікер парламента, паведаміў Вячорка, выказала гатоўнасць падтрымліваць беларускае пытанне на парадку дня.

Таксама Ціханоўская правяла сустрэчу з кіраўніком парламента Рэспублікі Кіпр Анітай Дзімітрыу, якой падзякавала за згадванне Беларусі і санкцый у прамове на саміце.

Спікер парламента Арменіі Ален Сіманян і старшыня парламента Малдовы Ігар Гросу падзякавалі Ціханоўскай за тое, што ў сваім выступе яна заклікала аказаць дапамогу не толькі Беларусі і Украіне, але і Арменіі з Малдовай, якія імкнуцца да еўрапейскай будучыні.

22 красавіка Ціханоўская заклікала ўдзельнікаў саміту ў Пальма-дэ-Маёрцы (Іспанія) “паказаць на практыцы” прызнанне дэмакратычнай Беларусі, а не “нелегітымнага рэжыму ў Мінску”.

Падзяліцца: