Мінск 12:33

Брытанская ваенная выведка мяркуе, што цяжар фінансавання ПВК “Вагнер” можа легчы на Мінск

13 жніўня, ПозіркУ выпадку, калі расійская дзяржава спыніць фінансаванне ПВК “Вагнер”, “другім найбольш верагодным плацельшчыкам могуць стаць беларускія ўлады”, гаворыцца ў справаздачы ваеннай выведкі Вялікабрытаніі за 13 жніўня, якую распаўсюдзіла Мінабароны краіны.

Аднак гэта будзе “істотнай і патэнцыйна непажаданай нагрузкай на сціплыя беларускія рэсурсы”, дадалі ў ведамстве.

У канцы чэрвеня пасля няўдалай спробы выступу супраць ваенна-палітычнага кіраўніцтва Расіі кіраўніку вагнераўцаў Яўгену Прыгожыну і частцы яго групоўкі было дазволена бесперашкодна перамясціцца ў Беларусь.

Найміты пачалі прыбываць на беларускую тэрыторыю ў ліпені. 14 ліпеня Міністэрства абароны паведаміла, што выпрацавала з кіраўніцтвам ПВК “Вагнер” “дарожную карту на бліжэйшую перспектыву па падрыхтоўцы і перадачы вопыту паміж падраздзяленнямі розных родаў войскаў”.

Улады Польшчы і краін Балтыі асцерагаюцца, што насамрэч вагнераўцы прыбылі ў Беларусь, каб паспрабаваць пранікнуць у Еўрасаюз або зладзіць правакацыю на мяжы з ЕС.

Падзяліцца: