Мінск 05:03

Галоўчанка: Больш за 70% тавараабароту Беларусі прыпадае на долю краін ШАС

26 кастрычніка, Позірк. “Аслабіць дамінаванне Захаду ў шэрагу сфер эканомікі і фінансаў, знізіць негатыўны эфект ад незаконных санкцый і іншых абмежаванняў” можна толькі сумеснымі намаганнямі дзяржаў — удзельніц Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС), заявіў 26 кастрычніка ў Бішкеку прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка.

Прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка і яго кыргызскі калега Акылбек Жапараў
Фота: gov.kg

Сваё меркаванне ён выказаў на пасяджэнні Савета кіраўнікоў урадаў ШАС пры ўдзеле прэзідэнта Кыргызстана Садыра Жапарава.

Паводле слоў Галоўчанкі, у структуры беларускага ВУП экспарт займае больш як 60%, а “на долю дзяржаў ШАС прыпадае больш як 70% усяго тавараабароту Беларусі”.

“Ва ўмовах <…> безумоўнага жадання не дапусціць фармавання шматпалярнага свету з боку заходніх краін, якія не грэбуюць у дасягненні сваіх мэтаў выкарыстоўваць увесь арсенал сродкаў: ад неэфектыўных эканамічных санкцый да развязвання ўзброеных канфліктаў, <…> ШАС з’яўляецца адной з нямногіх міжнародных структур, якая на справе выконвае прынцыпы роўнасці і неўмяшання ў справы дзяржаў, выступае за ўстойлівае эканамічнае развіццё рэгіёна”, — заявіў чыноўнік.

Беларусь, адзначыў ён, разлічвае “ў самым хуткім часе” ўступіць у шэрагі паўнапраўных членаў арганізацыі. “Мы шчыра ўдзячныя ўсім краінам — удзельніцам ШАС за праведзеную работу па далучэнні нашай краіны да арганізацыі і не сумняваемся, што можам зрабіць свой унёсак ва ўмацаванне шанхайскай сям’і”, — адзначыў прэм’ер-міністр.

Аляксандр Лукашэнка, прымаючы 28 верасня даверчыя граматы ў паслоў 11 дзяржаў, заявіў пра неабходнасць сумеснага супрацьстаяння “незаконным абмежавальным мерам”. Ён падкрэсліў, што супрацьстаяць санкцыям можна з дапамогай фармавання “новых сістэм разлікаў у нацыянальных валютах”, перабудовы лагістыкі, што абмяркоўваецца на пляцоўках ШАС і БРІКС.

На думку эксперта сеткі “Наша меркаванне” Розы Турарбекавай, адміністрацыя Лукашэнкі “спрабуе выкарыстоўваць ШАС і БРІКС як дыпламатычны плыт дапамогі ва ўмовах не толькі ізаляцыі, але і санкцый”.

“Гэтая група перспектыўных рэгіянальных і глабальных ігракоў разглядаецца Мінскам як крыніца ўплыву ў пытанні змякчэння санкцый, фінансавай дапамогі, інвестыцый і тэхналогій, — падкрэсліла эксперт. — Акрамя таго, гэта спроба намацаць яшчэ адну кропку апоры ў выпадку абвалу ў Расіі. Пошукі дадатковага выхаду на міжнародныя рынкі прыводзяць да падобных экзатычных хадоў у замежнай палітыцы”.

Падзяліцца: