Мінск 13:33

Група з больш чым 140 мігрантаў спрабавала прарвацца з Беларусі — Польская памежная служба

Фоьа: скрыншот відэазапісу інцыдэнту

13 траўня, Позірк. Група з больш чым 140 нелегалаў спрабавала прарвацца з Беларусі праз раку Пшаўлока (Перавалока), паведаміла Польская памежная служба.

Інцыдэнт адбыўся ўвечары 10 траўня. “Замежнікі былі вельмі агрэсіўнымі: кідалі галінкі дрэў і камяні ў бок памежных і вайсковых патрулёў, каб вызваліць сабе шлях у Заходнюю Еўропу”, — гаворыцца ў прэс-рэлізе.

Паводле інфармацыі памежнай службы, пераход мяжы не дапушчаны. На відэазапісе інцыдэнту польскія праваахоўнікі пускаюць аэразоль, падобны на слёзатачывы газ, каб спыніць парушальнікаў.

У той дзень польскія памежнікі зафіксавалі 371 спробу незаконнага перасячэння мяжы, за 12 дзён траўня — 2.970, з пачатку года — 12.311 (апошнія дзве лічбы выведзеныя “Позіркам” на падставе сутачных зводак).

9 траўня адно з аб’яднанняў былых супрацоўнікаў беларускіх сілавых структур ByPol (кіраўнік Аляксандр Азараў) паведаміла, што “спецслужбамі рэжыму Лукашэнкі найбліжэйшым часам на беларуска-польскім участку мяжы плануецца масавы прарыў мігрантаў (да 700-800 чалавек), цяпер іх таемна акумулююць на беларускіх заставах у польскім кірунку”.

Дастаўка мігрантаў нібыта ажыццяўляецца з Мінска супрацоўнікамі АМАП на грамадзянскіх аўтамабілях у начны час. “Мігрантаў сартуюць на групы па 25-30 чалавек. Сярод іх ёсць жанчыны, большасць з іх мусульмане, якія маюць сваякоў у Варшаве, Берліне, Брусэлі”, — гаварылася ў паведамленні.

Падзяліцца: