Мінск 19:31

Бяляцкі стаў ганаровым сябрам Нарвежскага ПЭНа

Крыніца: penbelarus.org

16 траўня, Позірк. Заснавальнік праваабаронцачага цэнтра “Вясна”, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру палітвязень Алесь Бяляцкі 15 траўня стаў ганаровым сябрам Нарвежскага ПЭНа, паведаміла адпаведная беларуская арганізацыя.

Адзначаецца, што на ўручэнні ганаровага звання прысутнічала яго жонка Наталля Пінчук.

У Нарвежскім ПЭНе адзначылі, што прыхільнасць Бяляцкага дэмакратыі і правам чалавека “натхняе мільёны людзей”. 

“Нобелеўскі лаўрэат ушанаваны званнем ганаровага сябра, бо ўвесь час вядзе барацьбу за сябе і сваю свабоду, а таксама за ўсіх, хто хоча дэмакратычнай будучыні ў Беларусі — і гэтая барацьба патрабуе нашае падтрымкі”, — гаворыцца ў заяве нарвежскай арганізацыі.

Пінчук адзначыла, што прызначэннем Бяляцкага ганаровым сябрам яму выказваецца салідарнасць, падтрымка і прызнанне. 

“Не ведаю, калі можна будзе данесці навіну, але гэтае прызначэнне сведчыць пра салідарнасць сярод пісьменнікаў — і пра тое, што яго памятае ўвесь вольны свет. Нарвежскі ПЭН становіцца голасам Алеся ў свеце, а гэта значыць, што ўсе спробы прымусіць яго замаўчаць бессэнсоўныя”, — падкрэсліла жонка праваабаронцы.

Беларускі ПЭН у сваю чаргу заклікаў падтрымліваць Бяляцкага і іншых беларускіх палітвязняў па ўсім свеце.

3 сакавіка 2023 года ў рамках палітычна матываванай справы Бяляцкі быў прыгавораны да 10 гадоў пазбаўлення волі, яго намеснік і віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч — да 9, каардынатар кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Уладзімір Лабковіч — да 7. Праваабаронца Зміцер Салаўёў, які знаходзіцца за мяжой, завочна асуджаны па гэтай справе на 8 гадоў зняволення.

Летась 21 снежня міжнародная юрыдычная група, якая займаецца сітуацыяй з Бяляцкім, падала петыцыю ў працоўную групу ААН па адвольных затрыманнях. На думку юрыстаў, праваабаронцу пратрымалі “без якіх-небудзь юрыдычных падстаў” 17 месяцаў, перш чым ён паўстаў перад судом. Акрамя таго, судовы працэс “быў азмрочаны абуральнымі парушэннямі належнай прававой працэдуры”.

Адзначалася таксама, што “з моманту арышту ў ліпені 2021 года Бяляцкі мае вельмі абмежаваныя зносіны са сваёй сям’ёй, адвакатам і навакольным светам”.

У 2022 годзе Бяляцкі стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру. 10 снежня ў Осла прэмія была ўручана яго жонцы. На цырымоніі таксама прысутнічала дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская.

Па рашэнні Нобелеўскага камітэта прэмія была падзеленая паміж праваабаронцамі: Бяляцкім, украінскім Цэнтрам грамадзянскіх свабод і расійскім таварыствам “Мемарыял”.

30 красавіка галоўны дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка паведаміў “Позірку”, што з ініцыятывы дэмлідара ствараецца Міжнародны гуманітарны фонд у падтрымку беларускіх палітвязняў.

Першы ўнёсак робіць Нарвегія. Прэм’ер-міністр гэтай скандынаўскай дзяржавы Ёнас Гар Сторэ на сустрэчы з Ціханоўскай 30 красавіка ў Осла паведаміў, што краіна пералічвае ў фонд 10 млн нарвежскіх крон (850 тыс. еўра).

Фонд накіраваны на падтрымку сем’яў рэпрэсаваных і былых палітвязняў. Гаворка пра медыцынскую дапамогу і рэабілітацыю, матэрыяльную і псіхалагічную дапамогу вызваленым палітвязням і асобам, якія зазналі палітычныя рэпрэсіі. Распараджацца сродкамі фонда будуць беларускія арганізацыі ды ініцыятывы, якія дапамагаюць палітвязням.

Падзяліцца: