Мінск 12:37

Сейм Польшчы прыняў папраўкі ў закон аб адукацыі, якія могуць закрануць да 5 тыс. беларусаў

Крыніца: sb.by

16 траўня, Позірк. Сейм Польшчы 15 траўня прагаласаваў за папраўкі ў закон аб адукацыі, якія тычацца дапамогі грамадзянам Украіны, але могуць закрануць і грамадзян Беларусі, паведаміла інфармагенцтва РАР.

Прынятыя папраўкі датычацца сярод іншага прызнання атэстатаў грамадзян краін, якія дэнансавалі міжнароднае пагадненне з Польшчай аб іх узаемным прызнанні.

Намесніца міністра адукацыі Польшчы Іаана Муха адзначыла, што папраўка звязаная з нядаўнім спыненнем выдачы Беларуссю атэстатаў аб заканчэнні школы сваім грамадзянам, якія знаходзяцца за мяжой, што робіць немагчымым навучанне гэтых людзей у Польшчы. Яна дадала, што гаворка можа ісці аб прыкладна 5 тыс. беларускіх грамадзян.

11 траўня тэлеграм-канал адукацыйнай ініцыятывы “Настаўніцкая” паведаміў, што Міністэрства адукацыі Беларусі перастала прымаць заявы на выдачу даведак, якія пацвярджаюць легальнасць атэстатаў. Такія даведкі запытвалі некаторыя замежныя ВНУ пры прыёме беларускіх грамадзян.

“Спыненне выдачы даведак, асабліва ў самым канцы навучальнага года, можа абцяжарыць працэс паступлення беларускіх абітурыентаў у замежныя ВНУ”, — адзначала ініцыятыва.

Пазней стала вядома, што Мінадукацыі спыніла выдачу даведак, якія сведчаць аб тым, што школа, якую абітурыент заканчвае, можа выдаваць дакументы дзяржаўнага ўзору і мае акрэдытацыю, паведаміў партал “Люстэрка”. Такі дакумент таксама запытваецца некаторымі польскімі ўстановамі вышэйшай адукацыі пры прыёме абітурыентаў.

25 кастрычніка 2022 года ўрад Беларусі скасаваў пагадненне аб узаемным прызнанні дакументаў аб адукацыі з Польшчай. Дакумент вызначаў, што атэстат аб сярэдняй адукацыі і дыпломы аб прафесійнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, выдадзеныя ў Беларусі, а таксама польскі атэстат сталасці “з’яўляюцца асновай для паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы” абедзвюх краін.

Прадстаўніца дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай у пытаннях адукацыі і навукі Таццяна Шчытцова ў каментары Позірку заявіла, што пастанова ўрада “сведчыць аб руху Беларусі ў бок закрытага таталітарнага грамадства”. Паводле яе слоў, прызнанне дакументаў аб адукацыі — знак таго, што культуры і народы адкрытыя адно аднаму, сведчанне адкрытасці ў рамках Еўропы і ў адносінах з краінамі-суседзямі.

Паводле даследавання “Палітыка ўладаў Беларусі ў абмежаванні доступу беларусаў да еўрапейскай адукацыі”, падрыхтаванага міжнароднай экспертнай ініцыятывай iSANS, шэраг дзеянняў уладаў можа прывесці да пераарыентацыі абітурыентаў на паступленне ў расійскія ВНУ і “вымывання навуковай і творчай эліты”.

Даследчыкі прааналізавалі “крокі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі”, накіраваныя на “ўскладненне працэдуры паступлення грамадзян Беларусі ў еўрапейскія ВНУ цягам 2020–2022 і, асабліва, 2023-га і пачатку 2024 гадоў”, і прыйшлі да высновы, што дзеянні ўладаў “выкліканыя пратэстамі 2020 года і маюць палітычны характар”.

Да такіх мер эксперты аднеслі ў тым ліку дзесяціразовае павелічэнне кошту і стварэнне ўмоў для максімальнага ўскладнення легалізацыі (апастылявання) дакументаў.

У даследаванні адзначаецца, што намаганні афіцыйнага Мінска ў абмежаванні доступу беларусаў да еўрапейскай адукацыі “суправаджаюцца небывалай актыўнасцю Расіі і Кітая ў сферы адукацыйнага супрацоўніцтва”.

Падзяліцца: