Мінск 00:44

Беларусь і Бразілія маюць намер неўзабаве правесці “двухбаковыя міждзяржаўныя мерапрыемствы”

Бразіліа — сталіца Бразіліі
Ілюстрацыйнае фота: wikimedia.org

21 траўня, Позірк. Планы па правядзенні ў бліжэйшай перспектыве “двухбаковых міждзяржаўных мерапрыемстваў” абмеркавалі на сустрэчы 20 траўня першы намеснік міністра замежных спраў Беларусі Сяргей Лукашэвіч і амбасадар Бразіліі Бернард Жорг Леапольд дэ Гарсія.

Паводле інфармацыі знешнепалітычнага ведамства, гэтую тэму бакі абмеркавалі ў кантэксце пытанняў беларуска-бразільскага ўзаемадзеяння ў палітычнай і эканамічнай сферах.

Стасункі Бразіліі з Беларуссю выглядаюць супярэчліва. З аднаго боку, гэтая паўднёваамерыканская краіна 4 красавіка 2024 года падтрымала рэзалюцыю СПЧ ААН, якая сярод іншага на год працягнула мандат спецыяльнага дакладчыка па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі (рэжым Аляксандра Лукашэнкі яго не прызнае). З іншага боку Бразілія супраць заходніх санкцый у дачыненні да афіцыйнага Мінска і выступае за іх паслабленне.

У траўні 2023 года намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка заявіў, што шэраг краін Еўрасаюза выступае за скасаванне санкцый у дачыненні да беларускага калію, дзейнічаючы ў інтарэсах Бразіліі.

Бразілія з’яўляецца адным з трох асноўных імпарцёраў калійных угнаенняў, што вырабляюцца ў Беларусі. У адным шэрагу з ёй Кітай і Індыя.

Двухбаковыя гандлёва-эканамічныя стасункі абмяркоўваліся мінулым летам падчас сустрэч Лукашэнкі і кіраўніка МЗС Сяргея Алейніка са згаданым бразільскім дыпламатам, а таксама на перамовах Лукашэвіча, які тады займаў пасаду амбасадара Беларусі ў Бразіліі, з віцэ-прэзідэнтам гэтай краіны Жэралду Алкмінам.

Падзяліцца: