Мінск 11:38

Удзельнікі мітынгу ў Вільнюсе заклікалі МЗС Літвы запатрабаваць ад Мінска вызвалення палітвязняў

Ілюстрацыйнае фота: tv3.lt

21 траўня, Позірк. Неадкладнага вызвалення палітычных зняволеных запатрабавалі ад рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ўдзельнікі мітынгу 21 траўня ў Вільнюсе, прымеркаванага да Міжнароднага дня салідарнасці з беларускімі палітвязнямі.

Падчас акцыі, на якую сабралася каля 150 чалавек, была зачытаная петыцыя на адрас Міністэрства замежных справаў Літвы. Усіх удзельнікаў мітынгу заклікалі яе падпісаць.

У дакуменце гаворыцца, што сярод тых, хто сабраўся на Кафедральнай плошчы літоўскай сталіцы, “палітычныя дзеячы Літоўскай Рэспублікі, праваабаронцы, былыя палітвязні, палітэмігранты, жыхары і жыхаркі Вільнюса”.

“Мы сабраліся, каб выказаць сваю салідарнасць з палітвязнямі Беларусі, якія пакутуюць у турмах, падвяргаюцца катаванням, рэпрэсіям з боку ўладаў Рэспублікі Беларусь. Сярод палітычных зняволеных ёсць загінулыя ў месцах пазбаўлення волі, — адзначана ў петыцыі. — Мы ўсе выказваем салідарнасць з палітвязнямі Беларусі і патрабуем іх неадкладнага вызвалення”.

“Заклікаем вас далучыцца да нашых патрабаванняў да нелегітымных уладаў Рэспублікі Беларусь і накіраваць ім зварот з заклікам вызваліць палітвязняў Беларусі”, — звярнуліся да літоўскага знешнепалітычнага ведамства аўтары дакумента.

21 траўня амбасадар Літвы па асаблівых даручэннях у Беларусі Аста Андрыяўскене адзначыла на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х: “У гэты дзень і штодзень нашыя сэрцы і думкі з беларускімі палітычнымі зняволенымі”.

“Усе палітычныя вязні павінны быць безумоўна вызваленыя і рэабілітаваныя. Усе вінаватыя будуць прыцягнутыя да адказнасці”, — падкрэсліла дыпламат.

Літоўскі прэм’ер-міністр Інгрыда Шыманітэ заявіла ў Х, што “1.374 палітычных зняволеных — гэта на 1.374 больш, чым павінна быць” (колькасць была актуальнай на момант напісання паведамлення).

Праваабаронцы абвясцілі 21 траўня Міжнародным днём салідарнасці з палітвязнямі невыпадкова — роўна тры гады таму ў шклоўскай калоніі № 17 (Магілёўская вобласць) пры загадкавых абставінах памёр актывіст Вітольд Ашурак.

На вечар 21 траўня ў Беларусі 1.392 чалавекі, якіх праваабарончая супольнасць прызнае палітвязнямі. Рэальная колькасць людзей, якія зазналі рэпрэсіі ў той ці іншай форме, значна большая.

Падзяліцца: