Мінск 01:55

Пашынян абвінаваціў “мінімум дзве краіны” АДКБ у падрыхтоўцы вайны супраць Арменіі

Фота: прэс-служба Нікола Пашыняна

22 траўня, Позірк. Як мінімум дзве краіны Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) “удзельнічалі ў падрыхтоўцы вайны” супраць Арменіі, заявіў прэм’ер-міністр гэтай дзяржавы Нікол Пашынян, выступаючы 22 траўня ў парламенце.

“Гэтыя краіны стварылі імітацыю таго, што дапамагаюць нам, але я хачу сказаць, што тая вайна была не праз Нагорны Карабах. Яна была пра тое, каб Арменія нічога з сябе не ўяўляла”, — цытуе палітыка партал news.am.

Пашынян не ўдакладніў, якія краіны мае на ўвазе, але мімаходзь згадаў у сваёй прамове Аляксандра Лукашэнку. Ён адзначыў, што “мэтай 44-дзённай вайны было спыненне існавання Арменіі”.

“Гэта не спрацавала і не спрацуе”, — дадаў ён.

Увосень мінулага года Азербайджан правёў у Нагорным Карабаху “антытэрарыстычныя мерапрыемствы лакальнага характару”, у выніку якіх рэгіён цалкам перайшоў пад кантроль Баку. Кіраўніцтва непрызнанай Нагорна-Карабахскай Рэспублікі (НКР) абвясціла аб спыненні існавання самаабвешчанай дзяржавы з 1 студзеня 2024 года.

Арменія, якая падтрымлівае НКР, падвергла АДКБ крытыцы за адсутнасць падтрымкі ў вайне з Азербайджанам за Нагорны Карабах і фактычна згарнула свой удзел у дзейнасці арганізацыі.

14 траўня Пашынян заявіў, што яго краіна “фармальна з’яўляецца членам АДКБ”, але яе ўдзел у дзейнасці блока замарожаны. На пытанне, ці мае намер Ерэван заставацца сябрам арганізацыі або плануе выйсці з яе, кіраўнік армянскага ўрада адказаў, што гэта “тэма для далейшага абмеркавання”.

Лукашэнка назваў дэмарш армянскага прэм’ера “ўчынкам, які носіць правакацыйны характар”.

Афіцыйны Мінск актыўна выбудоўвае адносіны з Азербайджанам. 17 траўня ў рамках візіту ў гэтую дзяржаву Лукашэнка наведаў Нагорны Карабах.

Спачатку ён прыляцеў у горад Фізулі, які знаходзіцца пад кантролем Баку з кастрычніка 2020 года. У суправаджэнні прэзідэнта Ільхама Аліева ён “азнаёміўся з новым аэрапортам”. Затым Лукашэнка наведаў Шушу. Паведамлялася пра “трактарную тэхніку”, падораную ім гэтаму гораду.

16 траўня ў ходзе перамоў у Баку ён прапанаваў Аліеву садзейнічанне ў пасляваенным аднаўленні тэрыторый Нагорнага Карабаха.

Арганізацыя Дагавора аб калектыўнай бяспецы — ваенна-палітычны блок, мэтамі якога заяўлены “ўмацаванне міру, міжнароднай і рэгіянальнай бяспекі і стабільнасці, абарона на калектыўнай аснове незалежнасці, тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэту дзяржаў-членаў”. У яго ўваходзяць Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расія і Таджыкістан.

Падзяліцца: