Мінск 21:19

Лукашэнка нясе адказнасць за раненне польскага вайскоўца на мяжы — Латушка

Скрыншот: ютуб-канал Паўла Латушкі

28 траўня, Позірк. Беларускія ўлады дзейнічаюць супраць Польшчы, выкарыстоўваючы нелегальных мігрантаў, таму Аляксандр Лукашэнка нясе адказнасць за інцыдэнт, які прывёў да ранення польскага вайскоўца, заявіў у сацыяльнай сетцы Х кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ), намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) Павел Латушка.

Паводле яго слоў, пры дапамозе нелегальных мігрантаў беларускі рэжым ажыццяўляе на мяжы “гібрыдныя атакі” і тым самым “абвастрае сітуацыю”.

“Яшчэ ў 2021–2022 гадах мы атрымалі і апублікавалі інфармацыю пра тое, што рэжым Лукашэнкі рыхтуе сур’ёзныя правакацыі на беларуска-польскай мяжы. У рамках гэтай падрыхтоўкі планавалася ажыццявіць напад з раненнямі і нават магчымай гібеллю супрацоўнікаў памежнай службы. На жаль, гэтая інфармацыя пацвердзілася”, — напісаў палітык.

На думку Латушкі, рэжым Лукашэнкі павінен быць прыцягнуты да адказнасці згодна з нормамі міжнароднага права, каб “не давялося правяраць, на што яшчэ ён здольны”.

Раніцай 28 траўня польскі вайсковец падвергнуўся нападу мігранта, які спрабаваў у складзе вялікай групы незаконна перасекчы мяжу з боку Беларусі. Адзначалася, што іншаземец ударыў яго нажом.

Намеснік міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі Чэслаў Мрочак у эфіры Polskie Radio заявіў, што раненне сур’ёзнае, але жыццю вайскоўца нічога не пагражае. “Міграцыйны ціск расце, агрэсія гэтых людзей павялічваецца. Яны спрабуюць прарвацца праз мяжу вялікімі групамі, якія фарміруюцца пры падтрымцы беларускіх службаў”, — сказаў чыноўнік.

Польскае памежнае ведамства таксама паведаміла, што за некалькі гадзін да нападу на вайскоўца ад рук мігрантаў пацярпелі непасрэдна памежнікі. Аднаго з іх ударылі разбітай бутэлькай, ён атрымаў траўмы твару і быў шпіталізаваны. На іншага памежніка напалі з палкай, да якой быў прымацаваны нож. Супрацоўнік пагранведамства здолеў адабраць небяспечны прадмет, аднак яму таксама спатрэбілася дапамога медыкаў.

Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск заявіў пасля інцыдэнту, што на ахову мяжы з Беларуссю адпраўленыя дадатковыя сілы.

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін Еўрасаюза працягваецца з вясны 2021 года. Улады Польшчы і краін Балтыі лічаць яго гібрыднай атакай, арганізаванай рэжымамі Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна.

З пачатку года краіны ЕС прадухілілі 17,8 тыс. спроб мігрантаў незаконна перасекчы мяжу з беларускай тэрыторыі, у тым ліку Польшча — 15,5 тыс. Травень стаў рэкордным па актыўнасці нелегалаў.

Падзяліцца: