Мінск 19:21

Лукашэнка назваўся паэтам і атрымаў журналісцкую ўзнагароду “Залатая Літара”

Скрыншот: тэлеграм-канал "Пул Першага"

28 траўня, Позірк. Аляксандру Лукашэнку 28 траўня на медыяфоруме ў Магілёве ўручаная журналісцкая ўзнагарода “Залатая Літара”, паведамляюць дзяржСМІ.

Статуэтку, якая штогод уручаецца супрацоўнікам дзяржаўных медыя, ён атрымаў з рук намесніка кіраўніка сваёй адміністрацыі Уладзіміра Пярцова.

Паводле слоў Лукашэнкі, якія перадае прэс-служба, ён, “магчыма, і стаў бы журналістам”. І тады б у сваіх публікацыях “дакладна б крытыкаваў недахопы, змагаўся з імі, не пасаваў перад аўтарытэтамі”.

“Дакладна тое [пісаў бы], што нас акружае, і тое, што на карысць людзям. З дзяцінства я бачыў недахопы сельскага жыцця. Я бачыў цяжкасці, складанасці, масу несправядлівасці. І мне страшна хацелася ўсё гэта выправіць. Зламаўшы ўсё сваё жыццё, я пайшоў у вёску. І не шкадую. Вось пра гэта я б таксама пісаў”, — заявіў ён.

Лукашэнка заклікаў супрацоўнікаў дзяржСМІ, якія прысутнічалі ў зале, “не мірыцца з недахопамі”, але “рабіць гэта вельмі акуратна”. “Гразюкі наліць на кагосьці і на самога сябе вельмі проста, — удакладніў ён. — Нам бы краіну не страціць. Трэба абараніць і ўтрымаць краіну, захаваць яе суверэнітэт і незалежнасць”.

Таксама Лукашэнка паведаміў, што ў юнацтве пісаў вершы. Уласныя сачыненні яму здаваліся “дасканалымі”, таму ён дамагаўся іх апублікавання ў газеце Шклоўскага раёна (Магілёўская вобласць).

“Была калонка, дзе змяшчалі вершы, — сказаў Лукашэнка. — Думаў, напэўна, і мае вершы маглі б змясціць. Я спрабую іх знайсці зараз. Напэўна, недзе дома. Там сшытак мой захаваўся. Я захоўваў яго доўга. Потым перастаў пісаць вершы. Сёння я б ужо не напісаў, як і музыкай не змог бы займацца. Цяпер і тэмаў дастаткова, і вопыт дазваляе. А вершы не напісаў бы. Таму што галава забітая іншымі праблемамі”.

У жніўні 2020 года, перад прэзідэнцкімі выбарамі, у інтэрв’ю ўкраінскаму журналісту Дзмітрыю Гардону Лукашэнка завіў аб валоданні многімі прафесіямі. Ён назваў сябе “добрым спартсменам па многіх відах спорту”, гісторыкам, “савецкім фатографам”, памежнікам, нагадаў, што ў савецкія часы ўзначальваў у Шклоўскім раёне таварыства “Веды”. Раней ён таксама заяўляў, што ніколі не хацеў быць гісторыкам, а марыў стаць журналістам.

Падзяліцца: