Мінск 05:25

Грузінскія памежнікі не ўпусцілі ў краіну беларуску пасля абнулення бязвізу

Крыніца: pixabay.com

29 траўня, Позірк. Грамадзянка Беларусі не змагла вярнуцца ў Грузію з Турцыі, куды ненадоўга выязджала для т.зв. візарана — абнулення тэрміну бесперапыннага знаходжання ў гэтай каўказскай краіне (364 дні).

Грузінскія памежнікі адмовілі ёй ва ўездзе, паведаміў “Позірку” праваабаронца, намеснік старшыні некамерцыйнай арганізацыі “Беларуская дыяспара Аджарыі” Раман Кісляк.

Паводле яго слоў, жанчына (імя не называецца па меркаваннях бяспекі) пражывала ў Грузіі з лета 2023 года, прымала ўдзел у дзейнасці беларускай дыяспары.

“[Пры вяртанні з Турцыі] памежнікі сказалі: “Вы не можаце знаходзіцца на тэрыторыі Грузіі, вяртайцеся ў Беларусь”. Але дзяўчына баіцца на радзіме пераследу. І гэтая рызыка сапраўды сур’ёзная”, — адзначыў Кісляк.

Беларуска зрабіла яшчэ адну спробу вярнуцца ў Грузію, папрасіўшы на мяжы прытулку, аднак, паводле слоў праваабаронцы, ёй зноў адмовілі.

“Памежнікі заявілі, што яна не мае права прасіць прытулку. Чацвёра супрацоўнікаў вывелі яе на тэрыторыю Турцыі”, — дадаў ён.

Паводле інфармацыі Кісляка, беларусцы паведамілі: яе не могуць упусціць у Грузію, бо яна “саджае кветкі”. Суразмоўца “Позірка” пацвердзіў, што жанчына “сапраўды ў Батумі ўпрыгожвае свой двор малюнкамі і кветкамі”, але выказаў здзіўленне такім тлумачэннем.

Пры гэтым дакументальна ва ўездзе адмоўлена з фармулёўкай “іншыя прычыны”.

Паводле звестак Кісляка, з восені мінулага года гэта першы выпадак, калі грамадзян Беларусі не ўпускаюць у Грузію.

“Лічу, тут груба парушаная Канвенцыя аб статусе бежанца. Мы арганізуем заўтра пікет з патрабаваннем да дэпартаменту міграцыі МУС і ўраду Грузіі вярнуцца ў прававое поле. Павінна быць забяспечана магчымасць уваходжання ў працэдуру ўсім, хто просіць прытулку”, — падкрэсліў праваабаронца.

У пікеце, акрамя яго, будзе ўдзельнічаць спартсменка, чэмпіёнка свету па тайскім боксе і палітэмігрантка Марына Зялёная. Раней і ён, і яна звярнуліся да ўладаў Грузіі з хадайніцтвам аб прадастаўленні прытулку.

Кісляк заклікае далучыцца да акцыі актывістаў беларускай дыяспары.

Акрамя гэтага, ён мае намер апратэставаць такія дзеянні памежнікаў у дэпартаменце міграцыі, а таксама звярнуцца да грузінскіх праваабаронцаў.

На думку Кісляка, адмова ўпусціць беларуску ў Грузію можа быць звязаная з прыняццем у гэтай краіне закона “Аб празрыстасці замежнага ўплыву” і масавымі пратэстамі, якія працягваюцца ўжо паўтара месяца.

У красавіку 2023 года грузінскія памежнікі не ўпусцілі ў краіну актывіста “Беларускай дыяспары Аджарыі” Яўгена Гацака. Ён быў вымушаны з сям’ёй з’ехаць у Польшчу.

У СМІ паведамлялася і пра іншыя падобныя выпадкі, хоць іх колькасць у цэлым невялікая.

Некамерцыйная юрыдычная асоба “Беларуская дыяспара Аджарыі” зарэгістраваная ў Батумі (Аджарыя, Грузія) у 2021 годзе.

Грузія стала адной з краін, куды выязджаюць беларусы, якія ратуюцца ад рэпрэсій. Там можна знаходзіцца 364 дні ў годзе, віза не патрэбная. Паводле даных Нацыянальнай адміністрацыі турызму, у студзені — сакавіку 2024 года Грузію наведала 17.236 грамадзян Беларусі — на 6,3% менш, чым у першым квартале 2023-га (18.400).

У пачатку 2024 года паведамлялася, што за мінулы год колькасць грамадзян Беларусі, якія знаходзяцца ў Грузіі, зменшылася на 1.999, або на 15% (на 1 студзеня 2023-га ў Грузіі пражываў 13.361 беларускі грамадзянін).

У першым квартале 2024 года 9 грамадзян Беларусі папрасілі ў Грузіі прытулку.

Раней Кісляк паведаміў Позірку, што ў 2019–2024 гадах беларусы “50 разоў звярталіся” за адпаведным статусам у гэтай краіне. “За гэты час ніводнага статусу беларусам не прадстаўлена: ні статусу ўцекача, ні гуманітарнага статусу”, — падкрэсліў праваабаронца.

Падзяліцца: