Мінск 12:31

ПП НС ухваліла законапраект аб амністыі — да “экстрэмістаў” і “тэрарыстаў” яе прапануецца не ўжываць (дапоўнена)

Источник: ПП НС

30 траўня, Позірк. Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 30 траўня прыняла ў двух чытаннях законапраект “Аб амністыі ў сувязі з 80-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”.

Згодна з дакументам, паведамляе прэс-служба ПП НС, амністыя будзе прымененая да 7.850 асуджаных.

Мяркуецца, што ад пакарання будзе цалкам вызвалена 2.090 чалавек, з 800 асоб здымуць неадбытую частку ўмоўнага пакарання, з 40 — пакаранне ў выглядзе арышту.

Для 260 чалавек прадугледжаная замена пазбаўлення на волі на “больш мяккае пакаранне” (абмежаванні волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу), 4.550 асобам тэрмін пакарання будзе скарочаны на 1 год.

Умовай для прымянення амністыі названыя “поўнае пакрыццё шкоды, нанесенай здзейсненым злачынствам, станоўчая характарыстыка асобы ў перыяд адбыцця пакарання”.

Законапраект прадугледжвае скарачэнне на 1 год тэрміна пакарання шматдзетным жанчынам, асуджаным за ўчыненне “забойства альбо прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання, якое пацягнула смерць без абцяжарвальных адказнасць прыкмет” (ч.1 арт. 139 і ч. 3 арт. 147 Крымінальнага кодэкса), а таксама непаўналетнім, жанчынам, адзінокім мужчынам, якія маюць непаўналетніх дзяцей, якія ўчынілі злачынствы, звязаныя з незаконным абаротам наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў” (арт. 328 КК).

Таксама дакумент дазваляе амніставаць асуджаных паводле ч. 1 арт. 349 (несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі) і ч.1 і 2 арт. 350 (знішчэнне, блакаванне або мадыфікацыя кампутарнай інфармацыі) КК.

Адзначаецца, што “для асуджаных да пакаранняў у выглядзе грамадскіх работ, папраўчых работ, іншых мер крымінальнай адказнасці амністыя будзе прымяняцца толькі да асоб, якія на працягу не менш за тры месяцы, што папярэднічаюць ёй, працуюць, навучаюцца або займаюцца іншай дзейнасцю, пры ажыццяўленні якой асоба лічыцца занятай у адпаведнасці з заканадаўствам аб занятасці насельніцтва”.

Акрамя гэтага, дзеянне законапраекта прапануецца распаўсюдзіць на асоб, якія “ўчынілі злачынствы паводле ч. 1 арт. 171 (арганізацыя і (або) выкарыстанне занятку прастытуцыяй альбо стварэнне ўмоў для занятку прастытуцыяй), ч. 2 арт. 1711 (уцягванне ў занятак прастытуцыяй альбо прымус да працягу занятку прастытуцыяй) КК”, а таксама на асуджаных паводле ч. 1 арт. 455 КК (злоўжыванне ўладай, бяздзейнасць улады альбо перавышэнне ўлады) КК, за выключэннем “асоб, якія ўчынілі злачынства з карыслівай ці іншай асабістай зацікаўленасці”.

Дакумент прадугледжвае яшчэ некалькі палажэнняў, якія дазваляюць змякчыць пакаранне, у тым ліку за злачынствы, якія “не ўяўляюць вялікай грамадскай небяспекі”.

Пры гэтым падкрэсліваецца, што “да асоб, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай і тэрарыстычнай дзейнасці”, амністыя ўжытая не будзе.

11 студзеня на нарадзе аб удасканаленні заканадаўства аб крымінальнай адказнасці Аляксандр Лукашэнка заявіў, што верагодная амністыя 2024 года “павінна мець адрозненні” ад папярэдніх, падтрымаўшы прапанову МУС, якая фактычна пазбаўляе асуджаных па палітычна матываваных крымінальных справах магчымасці трапіць пад яе.

“Намі было прапанавана: экстрэмісты і тэрарысты, якія асуджаныя і прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці, — да іх амністыю не ўжываць. Нашу прапанову падтрымалі”, — адзначаў кіраўнік МУС Іван Кубракоў.

“Таму што ўсе разумеюць, што здзейснілі гэтыя людзі. І на сённяшні дзень праблема застаецца. На жаль, тыя збеглыя, якія сёння знаходзяцца за мяжой, спрабуюць уплываць розным спосабам на нашых грамадзян, асабліва на моладзь, якая знаходзіцца тут. Але сітуацыю мы кантралюем, вядзем выведку ў тым ліку і ў інтэрнэце, таму што ўсё гэта адбываецца дыстанцыйна”, — сцвярджаў Кубракоў.

Як “экстрэмізм” улады з 2020 года трактуюць дэ-факта любую грамадска-палітычную актыўнасць.

Падзяліцца: