Мінск 13:54

Гомельшчына “пры неабходнасці” гатова да пераводу на ваенны час — МНС

Фота: mchs.gov.by

31 траўня, Позірк. У Гомельскай вобласці Беларусі адпрацаваны элементы гатоўнасці ўсіх фарміраванняў грамадзянскай абароны да пераводу на дзеянні ў ваенны час, заявіў першы намеснік міністра па надзвычайных сітуацыях Аляксандр Худалееў.

Як паведамляюць дзяржСМІ, “былі намечаны перспектыўныя напрамкі для ўдасканалення міжведамаснага ўзаемадзеяння ў ваенны час”.

“Праверана гатоўнасць спецыяльных фарміраванняў, іх укамплектаванасць і інш. У цэлым сістэма рэгіёну гатова пры неабходнасці да пераводу на ваенны час”, — сказаў Худалееў, дадаўшы, што “ёсць шэраг карэктыў, якія патрабуюць аператыўнага ўмяшання”.

Пра тое, што супрацоўнікі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях адпрацоўваюць на вучэннях у Гомельскай вобласці “навыкі рэсурснага забеспячэння пажарнага аварыйна-выратавальнага атрада ва ўмовах ваеннага часу”, паведаміла прэс-служба ведамства некалькімі гадзінамі раней.

Каменціруючы ход вучэнняў, старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко заявіў, што “падобныя трэніроўкі па ўзгадненню з вобласцю трэба правесці ў раёнах рэгіёну”.

“За 30 кіламетраў ад нашай паўднёвай мяжы ідзе СВА (“спецыяльная ваенная аперацыя”, так беларускія ўлады называюць захопніцкую вайну Расіі супраць Украіны. — “Позірк”.), на заходніх рубяжах мілітарызацыя нарастае, — падкрэсліў чыноўнік. — І ніхто з краін НАТО не кажа пра мір. Мы павінны быць гатовы да ўсяго. Сёння праверым тэарэтычную і практычную гатоўнасць узаемадзеяння дадатковых сіл з сілавым блокам”.

29 траўня міністр унутраных спраў Іван Кубракоў распарадзіўся правесці ва ўсіх рэгіёнах Беларусі тактыка-спецыяльныя вучэнні па праверцы гатоўнасці дзяржорганаў да “рэагавання і ўзаемадзеяння ва ўмовах надзвычайнай сітуацыі”.

Пасля контртэрарыстычных вучэнняў на тэрыторыі мінскага гандлёвага цэнтра Palazzo Кубракоў, якія завяршыліся ў ноч на 19 красавіка, анансаваў на травень “маштабныя вучэнні з прыцягненнем усіх тэрытарыяльных органаў унутраных спраў”.

Падзяліцца: