Мінск 14:33

Пуцін уручыў Талаю, які возіць “на аздараўленне” дзяцей з Украіны, ордэн Дружбы

Аляксей Талай у лагеры "Дубрава" (Салігорскі раён Мінскай вобласці) з дзецьмі з акупаваных рэгіёнаў Украіны (кастрычнік 2022 года).
Архіўнае фота: sb.by

31 траўня, Позірк. Уладзімір Пуцін 30 траўня ў Маскве ўзнагародзіў беларускага паралімпійца і праўладнага дзеяча Аляксея Талая ордэнам Дружбы, паведамляюць дзяржСМІ.

Пасля атрымання ўзнагароды Талай заявіў, што гэта “сапраўды адзін з найважнейшых дзён” у яго жыцці”, ён таксама перадаў Пуціну “велізарныя прывітанні і нізкі паклон ад усіх патрыётаў Беларусі”.

Талай растлумачыў, чаму “вырашыў дапамагаць жыхарам Данбаса”. Паводле яго слоў, “увесь народ згуртаваўся ў дапамозе блізкаму свайму, нашым людзям”.

“Дзясяткі тон грузаў” збіраюцца кожны месяц “з усіх рэгіёнаў краіны і адпраўляюцца на Данбас”, сцвярджае ён.

17 сакавіка 2023 года Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэр на арышт прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна і дзіцячага амбудсмэна Марыі Львовай-Бяловай за вываз украінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый. Беларускія дэмсілы дамагаюцца таго ж у адносінах да Лукашэнкі, чый рэжым таксама мае дачыненне да гэтага.

Паводле розных ацэнках, з пачатку вайны ў Беларусь было вывезена не менш за 2,5 тыс. дзяцей з акупаваных РФ тэрыторый Украіны. Датычнымі да гэтай дзейнасці называюцца Талай і яго фонд, ААТ “Беларуськалій”, Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, Беларускі Чырвоны Крыж і інш. Ёсць пэўныя сведчанні, што ў Беларусі займаюцца “перавыхаваннем” прывезеных дзяцей у духу любові да РФ.

41-гадовы Талай і яго фонд, непасрэдны арганізатар вывазу ўкраінскіх дзяцей, былі ўключаны ў 13-ты пакет санкцый ЕС супраць РФ, прыняты 23 лютага 2024 года. Ён таксама быў унесены ў санкцыйны спіс ЗША, прыняты напярэдадні другой гадавіны пачатку поўнамаштабнай вайны РФ ва Украіне.

Ордэн Дружбы — дзяржаўная ўзнагарода РФ, заснавана ў 1994 годзе. Папярэднікам ордэна ў часы СССР з 1972 года быў ордэн Дружбы народаў.

Падзяліцца: