Мінск 09:00

Ціханоўская выступіць на слуханнях Хельсінкскага камітэта ЗША па праблеме палітвязняў

Акцыя ў падтрымку беларускіх палітвязняў (21 траўня 2023 года, Вільнюс)
Архіўнае фота: "Позірк"

3 чэрвеня, Позірк. Дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская 13 чэрвеня выступіць на слуханнях Камісіі ЗША па бяспецы і супрацы ў Еўропе (Хельсінкская камісія) “Заглушанае іншадумства: доля палітвязняў і пошук адказнасці”.

Паводле інфармацыі на сайце камісіі, акрамя беларускага палітыка выступіць на гэтай сустрэчы запрошаныя таксама генеральны дакладчык Савета Еўропы па палітвязнях Торхільдур Сунна Аэварсдоцір і віцэ-прэзідэнт міжнароднай праваабарончай арганізацыі Freedom House па палітыцы і адвакацыі Эні Уілкакс Баяджан.

У паведамленні Хельсінскай камісіі ЗША адзначаецца, што людзі па ўсім свеце зазнаюць пераслед, арышты, турэмнае зняволенне за ажыццяўленне сваіх правоў на свабоду слова, сходаў і аб’яднанняў.

“Пераслед з палітычных матываў з’яўляецца фундаментальным парушэннем правоў чалавека і дэмакратычных прынцыпаў, — гаворыцца ў рэлізе. — Несправядлівае ўтрыманне палітвязняў пад вартай аўтакратамі і дыктатарамі падрывае вяршэнства закона, душыць свабоду слова і разбурае тканіну грамадзянскай супольнасці. Акрамя таго, гэты неверагодна цяжкі цяжар для іх сем’яў і блізкіх. Важна адзначыць, што, як і ў выпадку з Беларуссю і Расіяй, гэта закладвае аснову для ўзмацнення агрэсіі супраць уласнага насельніцтва і суседніх дзяржаў”.

Паведамляецца, што на слуханнях “будуць вывучаныя глыбінныя прычыны палітычных заключэнняў, разгледжаныя канкрэтныя выпадкі, якія выклікаюць занепакоенасць, і вызначаныя стратэгіі па забеспячэнні адказнасці”.

Слуханні закліканыя “прыцягнуць увагу да гэтай надзённай праблемы на нацыянальным і міжнародным узроўнях і актывізаваць дзеянні па яе вырашэнні”.

“На слуханнях таксама будуць разгледжаныя амерыканскія і глабальныя стратэгіі, закліканыя пацвердзіць нашу калектыўную рашучасць абараняць правы і годнасць усіх людзей, незалежна ад іх палітычных перакананняў, грамадзянскай актыўнасці ці іншых прыхільнасцяў. Слуханні будуць садзейнічаць больш глыбокаму разуменню праблем, з якімі сутыкаюцца палітвязні і іх сем’і, а таксама больш шырокіх наступстваў для дэмакратыі, правоў чалавека, рэгіянальнай стабільнасці і глабальнай бяспекі”, — заяўлена ў рэлізе.

Хельсінкская камісія ЗША — незалежны орган амерыканскага ўрада, створаны для маніторынгу за выкананнем Хельсінкскіх пагадненняў і іншых абавязацельстваў Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе (АБСЕ). У камісію ўваходзяць па дзевяць членаў Палаты прадстаўнікоў і Сената Кангрэса, па адным прадстаўніку Дзяржаўнага дэпартамента, Міністэрствы абароны і Міністэрствы гандлю.

На 3 чэрвеня ў Беларусі 1.402 чалавекі, якіх праваабарончая супольнасць прызнае палітвязнямі. Рэальная колькасць людзей, якія зазналі рэпрэсіі ў той ці іншай форме, значна большая.

Падзяліцца: