Мінск 17:18

Тэрытарыяльныя войскі Партызанскага раёна Мінска збіраюць на падрыхтоўку да парада 3 ліпеня

Рэпетыцыя парада
Архіўнае фота: "Позірк"

4 чэрвеня, Позірк. Навучальныя зборы з ваеннаабавязанымі тэрытарыяльных войскаў Партызанскага раёна Мінска праходзяць 4–5 чэрвеня, паведамляе прэс-служба Міністэрства абароны.

Зборы скіраваныя на падрыхтоўку войскаў тэраабароны да ўдзелу ў парадзе, прымеркаваным да Дня незалежнасці 3 ліпеня.

На працягу двух дзён належыць выканаць задачы па “фармаванні тэрытарыяльных войскаў Партызанскага раёна Мінска” з наступнай “падрыхтоўкай ваеннаабавязаных па ваенна-ўліковых спецыяльнасцях”.

Запланавана адпрацоўка “абвяшчэння, прызыву і пастаўкі ваеннаабавязаных з запасу”, атрыманне імі неабходных “матэрыяльных сродкаў, узбраення і спецтэхнікі” са “складоў і арсеналаў”, прызначаных для фармавання тэрытарыяльных войскаў.

3–5 чэрвеня праходзяць камандна-штабныя вучэнні ў рамках збораў тэрытарыяльных войскаў Рэчыцкага раёна (Гомельская вобласць) з прызванымі з запасу ваеннаабавязанымі. “Асноўная ўвага” на вучэннях надаецца “пытанню забеспячэння мер ваеннага становішча з прыцягненнем да выканання задач атрада народнага апалчэння”.

У траўні прайшлі зборы тэраабароны ў Магілёўскім і Быхаўскім раёнах (Магілёўская вобласць), з запасу прызвалі каля 120 ваеннаабавязаных. На іх таксама адпрацоўвалася “фармаванне атрадаў народнага апалчэння”.

Тэрытарыяльныя войскі — род войскаў Узброеных сіл, які склікаецца ў перыяд вайны або напружанай ваенна-палітычнай абстаноўкі. Выконвае дапаможныя функцыі. Складаецца з асоб, якія прайшлі службу і знаходзяцца ў запасе.

Разам з тым міністр абароны Віктар Хрэнін на сустрэчы з кіраўніцтвам выканкамаў — Мінскага гарадскога і абласных, а таксама ваеннымі камісарамі са сталіцы і рэгіёнаў 26 траўня 2023 года ў Гомелі заявіў, што тэрытарыяльная абарона “з сістэмы, якая забяспечвае, трансфармуецца ў паўнавартасную баявую”.

15 траўня прэс-служба Мінабароны паведаміла, што ў ваенным парадзе, які адбудзецца ў Дзень незалежнасці 3 ліпеня ў Мінску возьмуць удзел больш за 6 тыс. вайскоўцаў і каля 250 адзінак баявой тэхнікі, будзе задзейнічана авіяцыя. Чакаецца, што ў парадзе таксама будуць удзельнічаць замежныя вайскоўцы.

Апрача Мінабароны свае разлікі прадставяць Міністэрства ўнутраных спраў, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, Дзяржаўны памежны камітэт, Следчы камітэт, кадэцкія вучэльні і спецыялізаваныя ліцэі.

Парад завершыцца плац-канцэртам зводнай роты ганаровай варты і выступленнем вайсковага аркестра.

Адзначалася, што “права ўдзельнічаць у парадзе” вайскоўцы “заслужылі ўпартай ратнай працай, высокімі паказчыкамі ў баявой падрыхтоўцы, паспяховым выкананнем задач”.

У 1991–1996 гадах Дзень незалежнасці Беларусі быў прымеркаваны да даты прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце — 27 ліпеня. У выніку ініцыяванага Аляксандрам Лукашэнкам рэферэндуму галоўнае дзяржаўнае свята было перанесенае на 3 ліпеня.

Падзяліцца: