Мінск 02:07

У Жлобіне патанулі два падлеткі

Фота: СК

5 чэрвеня, Позірк. Два падлеткі 14 і 15 гадоў патанулі ў Жлобіне (Гомельская вобласць), паведамляе Следчы камітэт.

“Паводле папярэдніх даных, увечары 4 чэрвеня кампанія хлопцаў адпачывала на беразе возера Карпілоўскае. Нягледзячы на забарону купання ў дадзеным вадаёме, двое падлеткаў вырашылі паплаваць, але не разлічылі свае сілы і патанулі. Іх целы з вады дасталі супрацоўнікі ТРВОД”, — гаворыцца ў паведамленні.

Жлобінскім раённым аддзелам СК высвятляюцца абставіны трагедыі.

За травень у вадаёмах Беларусі патанула 34 чалавекі, вынікае з праведзенага “Позіркам” аналізу статыстыкі Таварыства ратавання на водах (ТРВОД). Паводле даных арганізацыі, у 2023 годзе ў Беларусі патанула 339 чалавек — на 12,2% менш, чым у 2022-м. Непаўналетніх загінула на вадзе 21 — годам раней 25 (-16%).

Паведамлялася, што 55,2% загінулых (187 чалавек, у тым ліку два падлеткі) знаходзілася ў стане алкагольнага або наркатычнага ап’янення.

МНС папярэджвае, што купанне дазволена толькі на адмыслова абсталяваных пляжах; вельмі небяспечна плаваць і ныраць у незнаёмых для адпачынку месцах. Не рэкамендуецца купацца пасля ўжывання спіртнога.

У ваду лепш заходзіць паступова, каб даць целу абвыкнуць да перападу тэмператур і пазбегнуць спазму крывяносных сасудаў.

Трэба растлумачыць дзецям, як трэба сябе паводзіць у вадаёме, адзначае МНС. За дзецьмі трэба пастаянна сачыць, калі яны знаходзяцца ў вадзе.

Падзяліцца: