Мінск 15:27

Ціханоўская накіравала ліст літоўскім уладам з прычыны забароны ўвозу харчоў беларускімі грамадзянамі

Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 5 чэрвеня ў 17:00

Ілюстратыўнае фота: Euobserver.eu

5 чэрвеня, Позірк. Офіс Святланы Ціханоўскай працягвае кансультацыі з прадстаўнікамі ўраду Літвы па пытаннях абмежаванняў на ўвоз харчовай прадукцыі з Беларусі фізічнымі асобамі, паведаміў “Позірку” галоўны дарадца дэмакратычнага лідара Франак Вячорка.

Паводле яго слоў, Ціханоўская накіравала літоўскім уладам ліст з тлумачэннем сітуацыі. “Мы спадзяемся, што ў бліжэйшыя дні атрымаецца знайсці рашэнне, каб змякчыць абмежаванні ў дачыненні да беларускіх грамадзян, якія ўязджаюць у Літву як фізічныя асобы”, — сказаў дарадца.

“Любыя абмежаванні, гэтаксама як і санкцыі, павінны біць па рэжыме, а не па беларусах”, — падкрэсліў Вячорка.

3 чэрвеня пачала дзейнічаць забарона на імпарт больш як 2,8 тыс. найменняў тавараў беларускай і расійскай вытворчасці, зацверджаная 29 траўня ўрадам Літвы. У дакуменце не было канкрэтызавана, каго менавіта закрануць абмежаванні.

Пад забарону трапілі 24 групы прадукцыі, у тым ліку жывыя жывёлы, мяса і субпрадукты, рыба, малочныя прадукты, яйкі, натуральны мёд, прадукты нежывёльнага паходжання, расліны, гародніна, садавіна, кава і спецыі, збожжа, трава, маслы, напоі, тытунь і г.д.

Абмежаванні не тычацца прадукцыі, якая не мае “альтэрнатыўных крыніц імпарту”: некаторых відаў грыбоў, ягад, раслінных матэрыялаў для пляцення, патакі, асобных кармоў для жывёл ды інш.

Вільнюс сцвярджае, што гэтае рашэнне дазволіць аслабіць эканомікі Беларусі і РФ, умацаваць нацыянальную бяспеку Літвы.

Гл. таксама:

Мытня Літвы абмяркуе праблему забароны на ўвоз аграпрадукцыі з Беларусі фізасобамі

Падзяліцца: