Мінск 09:21

ЦВК пачаў падрыхтоўку да прэзідэнцкіх выбараў

Фота: тэлеграм-канал ЦВК

5 чэрвеня, Позірк. У 2025 годзе прэзідэнцкія выбары пройдуць паводле дзейнага Выбарчагп кодэксу, заявіў кіраўнік Цэнтрвыбаркама Ігар Карпенка перад пачаткам нарады-семінара з удзелам “арганізатараў выбараў” 5 чэрвеня ў Мінску.

“На думку ЦВК, для правядзення гэтай кампаніі ўносіць якія-небудзь істотныя змены ўжо не патрэбна. А другі момант — з’явіліся новыя паўнамоцтвы ў Цэнтральнай выбарчай камісіі, у тым ліку метадычнае кіраўніцтва, навучанне патэнцыйных арганізатараў выбараў і ўдзел у працы па прававой асвеце грамадзян, моладзі ў галіне выбарчага права і выбарчых тэхналогій”, — цытуе яго тэлеграм-канал ЦВК.

Паводле слоў Карпенкі, неабходна “намеціць пэўныя падыходы да арганізацыі будучай прэзідэнцкай выбарчай кампаніі”, якая павінна прайсці не пазней за 20 ліпеня 2025 года.

“Мы ўжо нямала зрабілі ў межах гарантавання бяспекі. Цесна ўзаемадзейнічаем з усімі міністэрствамі і ведамствамі сілавога блока ў рамках іх кампетэнцыі. Вы ведаеце, што ўсе ўчасткі для галасавання бяруцца пад ахову супрацоўнікамі міліцыі, у поле зроку ў нас інфармацыйная бяспека, функцыянаванне сайта ЦВК”, – адзначыў ён.

Паводле яго слоў, сёння “часта бываюць знешнія ўздзеянні”, асабліва на афіцыйныя інфармацыйныя рэсурсы, таму неабходна “працаваць з усімі зацікаўленымі”.

Шостыя ў гісторыі краіны прэзідэнцкія выбары адбыліся 9 жніўня 2020 года. Відавочныя парушэнні і фальсіфікацыі вынікаў на карысць Аляксандра Лукашэнкі, а таксама дзеянні сілавікоў выклікалі найбольш маштабныя ў гісторыі краіны пратэсты, за якімі былі самыя маштабныя за ўвесь перыяд яго кіравання рэпрэсіі, якія працягваюцца да гэтага часу.

Падзяліцца: