Мінск 09:12

Памёр паранены на мяжы з Беларуссю польскі салдат

Скрыншот: відэаматэрыял Памежнай аховы Польшчы

6 чэрвеня, Позірк. Вайсковец 1-й танкавай брыгады, паранены напрыканцы траўня на мяжы з Беларуссю, памёр “удзень 6 чэрвеня ў Вайскова-медыцынскім інстытуце ў Варшаве”, паведаміла Галоўнае камандаванне Узброеных сіл Польшчы на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х.

Сваякам загінулага салдата, якога, мяркуючы з публікацыі, звалі Матэвуш, “аказаная падтрымка і псіхалагічная дапамога”. “Дадатковая дапамога, як псіхалагічная, так і арганізацыйная, будзе працягнутая ў залежнасці ад пажаданняў сям’і”, — заявіла камандаванне.

Раней польскія СМІ паведамілі, што мужчына ў стане клінічнай смерці, медыкам і сваякам трэба было вырашыць, ці працягваць працэдуры жыццезабеспячэння.

Раніцай 28 траўня Памежная ахова Польшчы паведаміла пра тое, што польскі салдат зазнаў напад мігранта, які спрабаваў у складзе вялікай групы незаконна перасекчы мяжу з боку Беларусі. Адзначалася, што замежнік ударыў яго нажом. Намеснік міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі Чэслаў Мрочак у эфіры Polskie Radio заявіў, што раненне сур’ёзнае, але жыццю вайскоўца нічога не пагражае.

За некалькі гадзін да нападу на вайскоўца, паводле інфармацыі ведамства, ад рук мігрантаў пацярпелі непасрэдна памежнікі. Аднаго з іх ударылі пабітай бутэлькай, ён атрымаў траўмы твару, на другога памежніка напалі з палкай, да якой быў прымацаваны нож. Абодвум спатрэбілася дапамога медыкаў.

На фоне гэтых здарэнняў Польшча скіравала на мяжу дадатковыя сілы. 29 траўня прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск заявіў пра планы аднавіць 200-метровую буферную зону ля мяжы з Беларуссю. Меркавалася, што яе вернуць 4 чэрвеня, але пасля было заяўлена, што спачатку гэтае пытанне абмяркуюць з мясцовымі ўладамі.

Пра напады мігрантаў на польскіх памежнікаў і вайскоўцаў на мяжы з Беларуссю таксама паведамлялася 31 траўня і 4 чэрвеня.

Падзяліцца: