Мінск 06:29

Пашырэнне санкцый ЕС супраць Беларусі можа быць адкладзенае праз пазіцыю Германіі і Францыі — Politico

Ілюстрацыйнае фота: unsplash.com / Joshua Hoehne

7 чэрвеня, Позірк. Германія і Францыя выступаюць супраць намаганняў Еўрасаюза па закрыцці пралазы ў санкцыях, якая дае магчымасць дарагім таварам, уключаючы люксавыя аўтамабілі, трапляць у Расію праз Беларусь, паведамляе выданне Politico са спасылкай на інфармацыю ад еўрапейскіх дыпламатаў.

Паводле слоў крыніц медыя, супрацьдзеянне Берліна і Парыжа прымусіла краіны ЕС задумацца, ці не трэба падзяліць 14-ы пакет санкцый супраць РФ і абмежавальныя меры ў дачыненні да Беларусі, каб паспець заключыць пагадненне да штогадовага саміту G7 (пройдзе 13–15 чэрвеня ў Італіі). Гэта, як сцвярджаецца, дазволіла б ЕС прасунуцца па пытанні аб асноўных — газавых — санкцыях у дачыненні да Масквы, “адклаўшы на потым спрэчкі” па мерах супраць Мінска.

Еўрасаюз, нагадала выданне, увёў санкцыі супраць Беларусі яшчэ да ўварвання РФ ва Украіну — за фальсіфікацыю прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе. Аднак зробленыя захады выявіліся “не такімі маштабнымі”, як тыя, што былі ўведзеныя супраць Масквы, гэта дазволіла Беларусі стаць перавалачным пунктам для падсанкцыйных тавараў на шляху ў Расію.

“Калі мы робім слабыя захады ў дачыненні да Беларусі, ведаючы, што тавары паступаюць у Маскву праз Мінск, гэта крыху недарэчна”, — цытуе Politico аднаго з еўрапейскіх дыпламатаў, які пажадаў застацца неназваным.

23 траўня Financial Times паведаміла, што ЕС рыхтуецца пастрожыць санкцыі супраць рэжыму Беларусі і закрыць пралазу, якая дазваляе РФ імпартаваць аўтамабілі прэміум-класа. Было заяўлена, што новыя санкцыі спыняць экспарт у Беларусь тэхналогій і тавараў, якія могуць мець ваеннае прызначэнне, і звадкаванага прыроднага газу.

Акрамя таго, плануецца забараніць імпарт у ЕС алмазаў з Беларусі, што стане аналагам ужо ўведзенай забароны на пастаўкі каштоўных камянёў з Расіі.

Падзяліцца: