Мінск 00:38

Беларускія вайскоўцы наведваюць прадпрыемствы ВПК Кітая

Фота: прэс-служба Мінабароны Беларусі

11 чэрвеня, Позірк. Прадстаўнікі Міністэрства абароны падчас рабочай паездкі ў Пекін наведваюць прадпрыемствы ваенна-прамысловага комплексу Кітая, паведамляе прэс-служба беларускага абароннага ведамства.

Беларускую дэлегацыю ўзначальвае камандуючы Ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны генерал-маёр Андрэй Лук’яновіч.

Заяўляецца, што падчас візіту 11–13 чэрвеня беларускія вайскоўцы таксама азнаёмяцца з аб’ектамі вайсковай інфраструктуры КНР, абмяркуюць з кітайскімі калегамі пытанні двухбаковага супрацоўніцтва і “вызначаць шляхі яго далейшага развіцця”.

У канцы траўня Кітай наведала дэлегацыя на чале са старшынёй Савета Рэспублікі Наталляй Качанавай. У рамках візіту адбылося першае пасяджэнне камітэта высокага ўзроўню па супрацоўніцтве паміж заканадаўчымі органамі, створанага ў адпаведнасці з пагадненнем паміж Нацыянальным сходам Беларусі і Усекітайскім сходам народных прадстаўнікоў.

Раней у траўні Кітай наведала дэлегацыя Мінскага гарвыканкама. Улады беларускай сталіцы падпісалі з Пекінам праграму развіцця супрацоўніцтва да 2026 года. Кіраўнік Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў па выніках паездкі заявіў, што ў перспектыве можа быць падпісана пагадненне па ўзаемадзеянні ў сферы высокіх тэхналогій і інфарматызацыі.

Супрацоўніцтва Беларусі і КНР на сустрэчы ў Астане (Казахстан) 20 траўня абмеркавалі міністр замежных спраў Сяргей Алейнік і яго кітайскі калега Ван І.

На сустрэчы ў Мінску 17 красавіка Алейнік і пасол Кітая Се Сяоюн абмеркавалі падрыхтоўку плана двухбаковага супрацоўніцтва да 2030 года, “надалі асаблівую ўвагу” прасоўванню “перспектыўных кааперацыйных праектаў”.

Летась Аляксандр Лукашэнка двойчы наведваў Кітай і сустракаўся з кіраўніком КНР Сі Цзіньпінам. Першы візіт адбыўся 28 лютага — 2 сакавіка, другі — 3–4 снежня. Абодва разы абмяркоўваўся шырокі спектр пытанняў, у тым ліку звязаных з эканомікай, міжнароднымі адносінамі.

Падзяліцца: