Мінск 17:52

На пасяджэнні Саўміна замежных спраў АДКБ Беларусь прадставіць “ацэнкі сітуацыі ў сферы бяспекі” — МЗС

Фота: МЗС

20 чэрвеня, Позірк. На пасяджэнні Савета міністраў замежных спраў краін — членаў Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы Беларусь прадставіць “свае ацэнкі бягучай сітуацыі ў сферы бяспекі на еўразійскай прасторы”, паведаміла прэс-служба беларускага знешнепалітычнага ведамства.

Пасяджэнне пройдзе 21 чэрвеня ў Алматы (Казахстан), анансаваны ўдзел кіраўніка МЗС Беларусі Сяргея Алейніка.

“Плануецца абмеркаваць актуальныя аспекты міжнароднай і рэгіянальнай бяспекі з акцэнтам на зону адказнасці АДКБ, закрануць надзённыя пытанні дзейнасці арганізацыі, ход выканання мерапрыемстваў па рэалізацыі прыярытэтаў Казахстана ў перыяд старшынства ў АДКБ, а таксама падрыхтоўку да маючай адбыцца сесіі Савета калектыўнай бяспекі”, — гаворыцца ў паведамленні МЗС.

Чакаецца, што па выніках пасяджэння будзе ўхвалены “шэраг дакументаў, накіраваных на далейшае ўдасканаленне і развіццё арганізацыі”.

19 чэрвеня стала вядома, што пасяджэнне Саўміна замежных спраў краін АДКБ пройдзе без Арменіі. Ад візіту ў Алматы адмовіўся кіраўнік МЗС гэтай дзяржавы Арарат Мірзаян.

Падзяліцца: