Мінск 01:58

Алейнік заклікаў пачаць кансультацыі па новай стратэгіі развіцця АДКБ

Архіўнае фота: прэс-служба МЗС

21 чэрвеня, Позірк. Да “прадметных кансультацый” па пытанні новай стратэгіі развіцця Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) заклікаў кіраўнік МЗС Беларусі Сяргей Алейнік 21 чэрвеня ў Алматы на пасяджэнні Савета міністраў замежных спраў АДКБ.

Паводле слоў чыноўніка, якія прыводзіць прэс-служба знешнепалітычнага ведамства, дзейная стратэгія, прынятая ў 2016 годзе, разлічана да 2025-га.

Алейнік у чарговы раз заявіў пра крызіс міжнародных стасункаў і “трансфармацыю сусветнага геапалітычнага ландшафту”, “хваравітую ломку існага светапарадку” і неабходнасць змяніць “еўрапейскую мадэль” на “еўразійскую архітэктуру” бяспекі “з новым пакаленнем арганізацый”.

На яго думку, прыпыненне краінамі НАТО дзеяння Дагавора аб звычайных узброеных сілах у Еўропе (ДЗУСЕ) “развязвае ім рукі для нарошчвання беспрэцэдэнтных ваенных патэнцыялаў”, з-за чаго “Беларусь не магла не зарбіць захады ў адказ люстранога характару”. Пры гэтым, адзначыў міністр, Мінск заявіў пра гатоўнасць “аднавіць выкананне ДЗУСЕ пры ўмове вяртання краін — членаў НАТО да яго выканання”, “хоць ілюзій на гэты конт” у краіне “не маюць”.

Запрасіўшы сваіх калег па АДКБ на “далейшыя прадметныя дыскусіі па тэматыцы еўразійскай бяспекі”, Алейнік назваў дакладныя тэрміны правядзення ў Мінску другой міжнароднай канферэнцыі па гэтым пытанні — 31 кастрычніка — 1 лістапада 2024 года.

АДКБ — ваенна-палітычны блок, мэтамі якога заяўленыя “ўмацаванне міру, міжнароднай і рэгіянальнай бяспекі і стабільнасці, абарона на калектыўнай аснове незалежнасці, тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэту дзяржаў-членаў”. У яго ўваходзяць Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расія і Таджыкістан.

19 чэрвеня стала вядома, што пасяджэнне Савета міністраў замежных спраў АДКБ пройдзе без Арменіі. Ад візіту ў Алматы адмовіўся кіраўнік МЗС гэтай дзяржавы Арарат Мірзаян, які 20 чэрвеня здзейсніў візіт у Літву.

2 чэрвеня, выступаючы перад парламентам, прэм’ер-міністр Нікол Пашынян заявіў пра магчымы выхад Арменіі з АДКБ. Паводле яго слоў, тэрміны выхаду яшчэ не вызначаныя.

Падчас выступу палітык абвінаваціў блок у тым, што яго асобныя краіны з Азербайджанам “планавалі вайну” супраць Арменіі.

У адказ на гэта адзін з апазіцыйных дэпутатаў зрабіў заўвагу: “Выйдзіце тады з гэтага саюза”. “Мы выйдзем, вы мяне гэтым пужаеце? У нас усё добра, мы вырашым, калі пойдзем. Як вы думаеце, які наступны крок, ці можам мы вярнуцца назад? Не хвалюйцеся”, — адказаў Пашынян.

Пазней Мірзаян, каментуючы выказванні кіраўніка ўрада, назваў памылковым сцвярджэнне, што краіна выходзіць з АДКБ. “Прэм’ер-міністр заявіў, што мы вырашым, калі выйдзем, але назад не вернемся. Калі нехта сцвярджае, што прэм’ер-міністр Арменіі заявіў, што Арменія выходзіць з АДКБ, то памыляецца”, — сказаў чыноўнік.

Падзяліцца: