Мінск 19:10

Freedom House: Утрыманне зняволеных інкамунікада можа быць злачынствам супраць чалавечнасці

Віктар Бабарыка, Сяргей Ціханоўскі, Максім Знак (злева направа)
Фота: tut.by, Офіс Святланы Ціханоўскай, "Вясна" (калаж — "Позірк")

22 чэрвеня, Позірк. Утрыманне зняволеных без сувязі са знешнім светам і адмова паведамляць пра іх месцазнаходжанне і лёс у адпаведнасці з міжнародным правам можа афіцыйна лічыцца гвалтоўным знікненнем, якое з’яўляецца злачынствам супраць чалавечнасці ў адпаведнасці з Рымскім статутам Міжнароднага крымінальнага суда, гаворыцца ў аналітычным аглядзе праваабарончай арганізацыі Freedom House.

У Беларусі мінімум восем палітычных зняволеных “цяпер утрымліваюцца без сувязі са знешнім светам на працягу доўгага перыяду часу”, шасцёра з іх знаходзяцца пад вартай без перапіскі і доступу да адвакатаў і сваякоў больш за адзін год, гаворыцца ў аглядзе.

Гэта Марыя Калеснікава, Мікалай Статкевіч, Сяргей Ціханоўскі, Ігар Лосік, Віктар Бабарыка і Максім Знак.

Міжнародная супольнасць, на думку Freedom House, можа падтрымаць палітычных зняволеных, якія зазналі гвалтоўнае знікненне праз “публічны і індывідуальны ціск на рэжым, які здзейсніў злачынства”. У якасці прыкладу таго, як працуе міжнародны рэзананс і ціск, аўтары прыводзяць сітуацыю з Ціханоўскім, інфармацыя аб нібы смерці якога з’явілася ў 2023 годзе. Тады беларускія ўлады паказалі відэа з ім, даўшы зразумець, што ён жывы.

Праваабаронцы заклікаюць дэмакратычную супольнасць садзейнічаць таму, “каб імёны зніклых палітвязняў не сыходзілі з поля зроку грамадскасці, нягледзячы на ​​фізічную ізаляцыю чалавека”.

“Звычайна кажуць, што горшы страх палітычнага вязня — быць забытым. Для тых, хто знаходзіцца пад вартай па палітычных матывах, міжнародная ўвага можа азначаць розніцу паміж жыццём і смерцю; прыцягненне ўвагі да тых, хто знаходзіцца за кратамі, часта ўскладняе рэжымам задачу па ўтойванні сваіх злоўжыванняў”, — лічаць аўтары.

Паводле ацэнак Дзярждэпартамента ЗША, “ва ўсім свеце ўтрымліваецца каля мільёна палітычных зняволеных”, звяртае ўвагу Freedom House.

“Як і ў выпадку з кароткатэрміновымі знікненнямі, утрыманне пад вартай без сувязі са знешнім светам дазваляе турэмным уладам з большай лёгкасцю хаваць доказы жорсткага абыходжання з палітычнымі зняволенымі. Гэта змрочная рэальнасць, якая прымушае шмат каго на волі задавацца пытаннем, ці жывыя яшчэ іх блізкія”, — гаворыцца ў аглядзе.

Дэмакратычны лідар Беларусі Святлана Ціханоўская, каментуючы дакумент на сваёй старонцы ў X, падкрэсліла: “Каб расказаць гісторыі ахвяр рэжыму не патрэбныя асаблівыя нагоды, мы павінны кожны дзень нагадваць свету аб іх лёсе”.

Выступаючы 13 чэрвеня на слуханнях Камісіі ЗША па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (Хельсінкская камісія) “Заглушанае іншадумства: доля палітвязняў і пошук адказнасці” Ціханоўская паведаміла, што не менш як 250 беларускіх зняволеных сёння знаходзяцца ў смяротнай небяспецы, шасцёра ўжо памерлі.

Палітык таксама папрасіла ЗША падтрымаць заклік да генеральнага сакратара ААН даць доступ да тых, хто знаходзіцца за кратамі, аказаць ім медыцынскую і юрыдычную дапамогу, аказваць ціск на рэжым для вызвалення палітвязняў, а таксама павялічыць дапамогу беларускай грамадзянскай супольнасці, праваабаронцам і сем’ям рэпрэсаваных.

На 21 чэрвеня ў Беларусі, паводле інфармацыі праваабарончага цэнтра “Вясна”, 1.424 палітвязні.

Падзяліцца: