Мінск 03:42

На тэрыторыі Беларусі зарэгістравана каля 4,3 млн транспартных сродкаў

26 чэрвеня, Позірк. На тэрыторыі Беларусі зарэгістравана каля 4,3 млн адзінак транспартных сродкаў, “гэтая колькасць з кожным днём працягвае павялічвацца”, заявіў на прэс-канферэнцыі ў Мінск 26 чэрвеня начальнік аддзялення рэгістрацыйна-экзаменацыйнай дзейнасці і тэхнічнага нагляду ўпраўлення нагляднай і рэгістрацыйна-экзаменацыйнай дзейнасці галоўнага упраўлення Дзяржаўнай аўтамабільнай інспекцыі (ДАІ) Аляксандр Шмаенкаў.

За пяць месяцаў бягучага года “рэгістрацыйнымі падраздзяленнямі дзяржаўнай аўтамабільнай інспекцыі было ажыццёўлена каля 460 тыс. адміністрацыйных працэдур”, дадаў прадстаўнік ДАІ.

У параўнанні з аналагічным леташнім перыядам іх колькасць вырасла. Дакладных лічбаў за мінулы год начальнік аддзялення не прывёў.

Паводле слоў старшага інспектара па асобых даручэннях аддзялення рэгістрацыйна-экзаменацыйнай дзейнасці і тэхнічнага нагляду ўпраўлення нагляднай і рэгістрацыйна-экзаменацыйнай дзейнасці галоўнага ўпраўлення ДАІ Паўла Санкевіча, служба ідзе “па шляху спрашчэння адміністрацыйных працэдур” пры рэгістрацыі МС, у тым ліку скарачаючы іх тэрміны.

Так, “уведзена прымяненне электроннага пашпарта транспартнага сродку пры пастаноўцы на ўлік транспартных сродкаў, якія раней не знаходзіліся на рэгістрацыйным уліку”, што “істотна знізіла” адміністрацыйную нагрузку.

Максімальныя тэрміны рэгістрацыі ці адчужэння аўто з 2024 года скараціліся з 10 да 7 дзён, заявіў Санкевіч.

Пастановай Саўміна ад 19 красавіка 2024 года № 294 былі ўнесены змяненні ў Палажэнне аб парадку дзяржаўнай рэгістрацыі і дзяржаўнага ўліку транспартных сродкаў, зняцця іх з уліку і ўнясення змяненняў у дакументы, звязаныя з дзяржаўнай рэгістрацыяй транспартных сродкаў. Новыя правілы пастаноўкі аўтамабіля на ўлік і зняцці з яго набылі моц у Беларусі з 17 чэрвеня.

Змяненні сярод іншага закранулі дакументы, неабходныя для рэгістрацыі МС. У прыватнасці, зараз не трэба падаваць пасведчанне аб рэгістрацыі транспартнага сродку, калі ў АІС ДАІ МУС ёсць аб ім звесткі, а ў выпадку, калі пасведчанне аб рэгістрацыі транспартнага сродку (тэхпашпарт) было страчана, новы дакумент могуць выдаць без правядзення агляду аўтамабіля.

Згодна з новаўвядзеннямі, прадугледжанымі ўказам № 55 ад 16 лютага 2024 года, перад рэгістрацыяй у ДАІ транспартных сродкаў, увезеных у Беларусь з-за мяжы, трэба будзе афармляць электронны пашпарт транспартнага сродку (ЭПТС). Гэтую працэдуру ажыццяўляе РУП “Белмытсэрвіс”.

Падзяліцца: