Мінск 08:34

Кіраўнік МУС Польшчы: Эскалацыя на мяжы з боку Беларусі магла быць звязаная з выбарамі ў Еўрапарламент

Скрыншот: Radio ZET

27 чэрвеня, Позірк. Эскалацыя на мяжы з боку Беларусі магла быць звязаная з выбарамі ў Еўрапейскі парламент, якія адбыліся 6-9 чэрвеня, заявіў у эфіры Radiо ZET кіраўнік Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Томаш Семоняк.

На ягоную думку, беларускім уладам было важна “пасеяць хаос” перад выбарамі.

Семоняк адзначыў, што скарачэнне колькасці спробаў нелегальнага перасячэння мяжы можа быць таксама звязана з дзеяннем буфернай зоны, што сярод іншага ўскладніла працу пасярэднікаў, якія перавозяць нелегалаў.

За апошнія месяцы, дадаў міністр, затрымана сотні пасрэднікаў.

Дзеянне буфернай зоны, падкрэсліў кіраўнік ведамства, можа быць працягнатае пасля ацэнкі яе эфектыўнасці.

Польская паліцыя, паводле слоў Семоняка, праводзіць ва ўсёй краіне вучэнні для вайскоўцаў і памежнікаў, навучае іх навыкам, якія могуць спатрэбіцца пры абароне мяжы. Ён адмовіўся паведаміць колькасць удзельнікаў вучэнняў. “Мы павінны памятаць, што нашы праціўнікі аналізуюць і выкарыстоўваюць любую сітуацыю”, — сказаў міністр.

На мяжы, адзначыў ён, адбываецца “якаснае змяненне” сітуацыі пасля падключэння да аховы “афіцэраў са шчытамі і дубінкамі”.

Польшча, паводле яго сцвярджэння, мае намер ушчыльніць загароду на мяжы, усталяваўшы дадатковыя элементы.

“Трагічны выпадак з гібеллю жаўнера”, на думку Семаняка, быў звязаны з тым, што мігранты здольныя “за 20 секунд рассунуць металічныя часткі плота” для пранікнення на тэрыторыю Польшчы.

Варшава разлічвае на фінансавую падтрымку краін Еўрасаюза ва ўмацаванні ўсходніх межаў, бо “наступствы таго, што адбываецца на мяжы з Беларуссю, адчуваюцца і ў іншых дзяржавах ЕС”, а нелегальныя мігранты пасля Польшчы адпраўляюцца ў Германію і Францыю, звярнуў увагу кіраўнік МУС.

“Мы сутыкнуліся не з такой нелегальнай міграцыяй, як на Міжземным моры, калі мігранты на лодках трапляюць у Еўропу. Мы сутыкнуліся з гібрыднай агрэсіяй, якую ажыццяўляюць супраць Польшчы дзве краіны, асабліва Беларусь”, — падкрэсліў міністр.

6 чэрвеня стала вядома пра смерць польскага вайскоўца 1-й танкавай брыгады Матэвуша Сітэка, параненага нажом 28 траўня на мяжы з Беларуссю. Паводле інфармацыі памежнай аховы Польшчы, вайсковец зазнаў напад мігранта, які ў складзе вялікай групы спрабаваў незаконна перасекчы мяжу з боку Беларусі.

13 чэрвеня на польска-беларускай мяжы пачала дзеянне буферная зона, пакуль тэрмін вызначаны ў 90 дзён. Паводле інфармацыі МУС Польшчы, дзякуючы ёй колькасць спробаў парушэння мяжы скарацілася прыкладна на траціну.

Міграцыйны крызіс, які працягваецца з вясны 2021 года, Варшава, Рыга і Вільня называюць “гібрыднай атакай”, арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве.

З пачатку 2024 года суседнія краіны Еўрасаюза спынілі 22,6 тыс. спроб нелегальнага перасячэння мяжы мігрантамі з боку Беларусі, у тым ліку Польшча — 19,9 тыс.

25 чэрвеня суседнія краіны ЕС спынілі не менш за 107 спробаў нелегальнага перасячэння мяжы мігрантамі з боку Беларусі, сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз звестак памежных ведамстваў (суткамі раней — 87).

Падзяліцца:
be