Мінск 19:08

На ініцыяваным НПЦ Генпракуратуры круглым стале аб “генацыдзе” выступілі прадстаўнікі акупаванага Данецка

Фота: прэс-служба Генпракуратуры

28 чэрвеня, Позірк. Прадстаўнікі Данецкага дзяржаўнага ўніверсітэта — дэкан гістарычнага факультэта, доктар гістарычных навук, дацэнт Андрэй Мінаеў і дырэктар “Цэнтра этнапалітычнай рэабілітацыі” Юрый Нікалаеў — выступілі на круглым стале “Праблемы міжнароднага супрацоўніцтва пры ажыццяўленні крымінальнага пераследу за генацыд” 28 чэрвеня ў Мінску.

Мерапрыемства, ініцыяванае Навукова-практычным цэнтрам праблем умацавання законнасці і правапарадку Генеральнай пракуратуры, адбылося на факультэце міжнародных адносін (ФМА) Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Як паведамляе прэс-служба Генпракуратуры, выступоўцы адзначылі “актуальнасць праблем міжнароднага супрацоўніцтва ў працэсе крымінальнага пераследу за генацыд у сувязі са злачынствамі ў дачыненні да мірнага насельніцтва ва ўмовах сучаснага ўзброенага канфлікту на Данбасе”, а таксама “ў кантэксце пагрозы рэабілітацыі нацысцкай ідэалогіі і нацысцкіх практык”.

Яны “давялі інфармацыю пра факты наўмысных дзеянняў па перакрыцці воднай артэрыі з мэтай пазбаўлення пітной вады насельніцтва Данбаса”, “іншых дзеяннях украінскіх уладаў”, якія маюць, на іх думку, “прыкметы ваенных злачынстваў і генацыду”.

Дырэктар НПЦ Генпракуратуры Ігар Мароз і дацэнт кафедры еўразійскіх даследаванняў ФМА БДУ Таццяна Міхалёва, як паведамляе прэс-служба, “падкрэслілі, што абавязкі, узятыя на сябе ЗША і Вялікабрытаніяй у рамках падпісанай імі Маскоўскай дэкларацыі 1943 года па выдачы нацысцкіх злачынцаў для асуджэння па месцы здзяйснення злачынстваў, не выконваліся”.

У кантэксце сучаснай крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа старшы пракурор міжнародна-прававога ўпраўлення Генпракуратуры Вера Ларкова заявіла, што па ім міжнародная прававая дапамога “актыўна надааецца ўстановамі юстыцыі” чатырох краін ЕС (Аўстрыя, Венгрыя, Германія, Славакія), а таксама Аргенціны, Бразіліі, Казахстана, Расіі і Узбекістана.

“Разам з тым просьбы аб наданні прававой дапамогі па крымінальнай справе праігнараваныя Літвой, Латвіяй і Польшчай, якія прама адмовілі Беларусі ў іх задавальненні са спасылкай на тое, што гэта стварае пагрозу іх нацыянальнай бяспецы”, — сказала яна.

Нягледзячы на наданне, паводле сцвярджэння Ларковой, пералічанымі вышэй дзяржавамі ЕС дапамогі пры расследаванні крымінальнай справы, прадстаўнік ведамства абвінаваціла “краіны калектыўнага Захаду” ў тым, што тыя “не толькі не дапамагаюць выкараняць нацызм, але і зрабілі яго часткай сваёй унутранай палітыкі”.

22 траўня Ігар Мароз выступіў у акупаваным РФ Данецку на “ўсерасійскай” навукова-практычнай канферэнцыі “Дэнацыфікацыя: вызначэнне сучасных навуковых падыходаў”.

Прадстаўнік НПЦ заявіў, што нізка кланяецца “гераічнаму насельніцтву “днр”, якое вось ужо 10 гадоў вымушана са зброяй у руках весці барацьбу з нацызмам”.

У 2021 годзе быў прыняты закон “Аб генацыдзе беларускага народа”. Пры гэтым пад беларускім народам “для мэт гэтага закона разумеюцца савецкія грамадзяне, якія пражывалі на тэрыторыі Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны і (або) пасляваенны перыяд” (да 31 снежня 1951 года).

Генпракуратура распачала крымінальную справу па факце генацыду, упершыню была заяўлена ў красавіку таго ж года. У яго рамках у Беларусі судзяць памерлых — 17 ліпеня 2023 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон “Аб змене Крымінальна-працэсуальнага кодэкса”, які дазваляе пераследваць мёртвых у крымінальным парадку.

За “адмаўленне генацыду беларускага народа” арт. 1302 КК прадугледжвае адказнасць у выглядзе 5 гадоў зняволення, за паўторнае парушэнне закона — ад 3 да 10 гадоў.

Дэ-факта ўлады выкарыстоўваюць гэтую тэму для дыскрэдытацыі апанентаў. Пра гэта сведчыць змест кнігі “Генацыд беларускага народа”, якая выйшла пад рэдакцыяй генпракурора Андрэя Шведа. У ёй сцвярджаецца, што масавыя пратэсты супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 2020 года з’яўляюцца спробай дзяржаўнага перавароту з выкарыстаннем нацысцкай ідэалогіі. Акрамя таго, да генацыду фактычна прыраўнаваны антысавецкі супраціў у першыя пасляваенныя гады.

Гл. таксама:

Генпракурор Швед анансаваў яшчэ пяць судовых працэсаў над памерлымі

Генпракурор Швед падазрае Захад у падрыхтоўцы ваеннага ўварвання

Падзяліцца: