Мінск 17:01

СМІ: Баскетбольны суддзя-міжнароднік Сырыца затрыманы па абвінавачванні ў “экстрэмізме”

Крыніца: "Зеркало"

12 ліпеня, Позірк. Вядомы баскетбольны суддзя Аляксандр Сырыца затрыманы ў студзені гэтага года па вяртанні ў Беларусь і ўзяты пад варту ў рамках крымінальнай справы, паведамляе “Еўрарадыё”.

Паводле звестак выдання, яго абвінавачваюць паводле арт. 368 (абраза прэзідэнта) і арт. 3611 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім) Крымінальнага кодэкса.

Сцвярджаецца, што Сырыца стварыў і адміністраваў “баскетбольны чат”, прызнаны “экстрэмісцкім”.

Пры вяртанні ў Беларусь таксама была затрыманая жонка арбітра, пасля арыштаваная па адміністрацыйнай справе.

Адзначаецца, што ўдзельнікаў згаданага чата, якія знаходзяцца ў Беларусі, “выклікалі на допыт”.

Сырыца з 2005 года з’яўляецца арбітрам-міжнароднікам (суддзя ФІБА), абслугоўваў матчы прэстыжных турніраў з удзелам клубаў і зборных.

У 2019 годзе ініцыяваў разбіральніцтва ў судзе супраць Беларускай федэрацыі баскетбола з нагоды нізкай аплаты працы арбітраў. Справу прайграў, сцвярджалася, што пасля гэтага быў уключаны ў “чорны спіс”.

Федэрацыю баскетбола з 2014 года ўзначальвае Максім Рыжанкоў, цяпер міністр замежных спраў Беларусі, раней — першы намеснік кіраўніка адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі.

Пасля падзей 2020 года Сырыца пражываў у Аўстраліі, займаўся бізнесам, часта бываў ва Украіне. Асудзіў расійскае ваеннае ўварваньне ў гэтую краіну ў лютым 2022 году.

Падзяліцца: