Мінск 16:04

У трэцюю гадавіну затрымання праваабаронцаў “Вясны” Ціханоўская заклікала пісаць лісты палітвязням

Алесь Бяляцкі
Фота: ПЦ "Вясна"

14 ліпеня, Позірк. Прайшло тры гады, як “рэжым паспрабаваў знішчыць “Вясну” — самую буйную беларускую праваабарончую арганізацыю”, для гэтага былі “сфабрыкаваныя крымінальныя справы, каб кінуць за краты сябраў руху Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Уладзіміра Лабковіча”, заявіла 14 ліпеня ў сваім тэлеграм-канале дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская.

“Ім прысудзілі вялізныя тэрміны толькі за тое, што праваабаронцы юрыдычна дапамагалі беларусам, якія трапілі пад пераслед. Для дэмакратычнага свету гэта прагучыць дзіўна і жудасна, але для Беларусі апошнія чатыры гады — гэта штодзённая рэчаіснасць. Знак роўнасці ставіцца паміж паняццямі “правы чалавека”, “дапамога” і “злачынства”, — адзначыла палітык.

Яна назвала Бяляцкага “чалавекам, які заўсёды актыўна падтрымліваў беларускую мову і культуру”.

“Дасягненні Алеся Бяляцкага можна пералічваць бясконца. У іншых умовах краіна ганарылася б сваім выбітным грамадзянінам, але дыктатура ўспрымае яго як пагрозу — як і любога чалавека, які выказвае нязгоду з сістэмай, створанай Лукашэнкам, і кідае ёй выклік”, — падкрэсліла Ціханоўская.

“Мы даўно не атрымліваем навін ад Алеся і яго калегаў, — дадала яна. — Але мы захоўваем іх каштоўнасці і сэнсы, якія гучаць паўсюль: у словах аднадумцаў, прамовах праваабаронцаў і палітыкаў, у падзяках беларусаў і беларусак, якім дапамагла “Вясна”. Я ганаруся тым, што знаёмая з ім асабіста і вельмі чакаю моманту, калі мы сустрэнемся ўсе разам — ужо ў свабоднай Беларусі”.

Паводле сцвярджэння дэмлідара, яна “часта ўспамінае” наступнае выказванне Бяляцкага: “Напісаўшы некалькі слоў у падтрымку, разам з апусканнем ліста ў паштовую скрыню, тыя, хто мяне падтрымліваюць, у гэта ж імгненне атрымліваюць і нябачны адказ”.

Працытаваўшы праваабаронцу, Ціханоўская заклікала пісаць лісты палітвязням, а таксама, “калі гэта магчыма”, дапамагаць іх сем’ям.

“Калі для вас гэта бяспечна, раскажыце пра іх сітуацыю ў сацсетках і заклікайце навакольных падтрымаць зняволеных. Сёння кожны з нас можа зрабіць маленькае дзеянне і тым самым паскорыць працэс вызвалення беларусаў з-за кратаў”, — напісала палітык.

3 сакавіка 2023 года заснавальнік і кіраўнік праваабарончага цэнтра “Вясна” Бяляцкі быў прыгавораны да 10 гадоў пазбаўлення волі, яго намеснік і віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Стэфановіч — да 9, каардынатар кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Лабковіч — да 7. Праваабаронца Зміцер Салаўёў, які знаходзіцца за мяжой, завочна асуджаны па гэтай справе на 8 гадоў зняволення.

21 снежня мінулага года міжнародная юрыдычная група, якая займаецца сітуацыяй з Бяляцкім, падала петыцыю ў працоўную групу ААН па адвольных затрыманнях. На думку юрыстаў, праваабаронцу пратрымалі “без якіх-небудзь юрыдычных падстаў” 17 месяцаў, перш чым ён паўстаў перад судом. Акрамя таго, судовы працэс “быў азмрочаны абуральнымі парушэннямі належнай прававой працэдуры”.

Адзначалася таксама, што “з моманту арышту ў ліпені 2021 года Бяляцкі мае вельмі абмежаваныя зносіны са сваёй сям’ёй, адвакатам і навакольным светам”.

У 2022 годзе Бяляцкі стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру. 10 снежня ў Осла прэмія была ўручана яго жонцы. На цырымоніі таксама прысутнічала Ціханоўская.

Па рашэнні Нобелеўскага камітэта прэмія была падзелена паміж праваабаронцамі: Бяляцкім, украінскім Цэнтрам грамадзянскіх свабод і расійскім таварыствам “Мемарыял”.

Amnesty International запатрабавала "неадкладнага і безумоўнага" вызвалення Бяляцкага і яго калег

12 ліпеня, Позірк. Лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі, асуджаны па палітычна матываванай справе, павінен быць вызвалены, гаворыцца ў заяве дырэктара праваабарончай арганізацыі Amnesty International па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі Мары Стразерс. "Рыхтуючыся адзначыць тры гады з дня затрымання …
Падзяліцца: