Мінск 17:44

Рыжанкоў абвінаваціў Польшчу ў нежаданні вырашаць праблему на мяжы з Беларуссю

Архіўнае фота: sb.by

15 ліпеня, Позірк. Беларусь гатова да дыялогу па сітуацыі на мяжы з Польшчай, заявіў журналістам міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў 15 ліпеня перад семінарам для кіраўнікоў дыпламатычных прадстаўніцтваў і консульскіх устаноў.

“Мяч на польскім баку, — цытуе чыноўніка дзяржаўнае агенцтва БелТА. — Мы гатовыя да дыялогу, і прэзідэнт на гэта настроены. Але, відаць, польскаму боку не вельмі цікава вырашэнне гэтага пытання. І, напэўна, у яе планах працяг нагнятання напружанасці на мяжы”.

Паводле слоў Рыжанкова, ва ўзвядзенні загарод на мяжы “няма неабходнасці, тым больш яны не з’яўляюцца перашкодай для мігрантаў”. “Але некаму, напэўна, цікава апрыходаваць такія сумы, вырашаць пытанні менавіта не канструктывам, а стварэннем новай жалезнай заслоны”, — сказаў ён.

Да Варшавы, паводле слоў кіраўніка МЗС, было даведзена, што Беларусь гатовая “прыняць любую польскую дэлегацыю, любых польскіх экспертаў, адмыслоўцаў, прадстаўнікоў кіраўніцтва для таго, каб разам паглядзець сітуацыю на мяжы”.

“Калі вы ведаеце, дзе гэтыя лагеры [па падрыхтоўцы мігрантаў да незаконнага перасячэння мяжы], калі вы ведаеце прадстаўнікоў праваахоўных органаў Беларусі, якія займаюцца падобнымі дзеяннямі, — калі ласка, прыязджайце, пакажыце любую кропку на тэрыторыі Беларусі, і мы вам забяспечым любы доступ. І гэтыя фэйкі будуць абвергнутыя. Але польскі бок ад гэтай прапановы адмовіўся”, — сцвярджае Рыжанкоў.

Для Беларусі, адзначыў ён, непрымальная сітуацыя, калі Польшча выстаўляе палітычныя патрабаванні ў сувязі з праблемай на мяжы.

“Мы прапануем любым іншым арганізацыям, прадстаўнікам краін ЕС, якія тут знаходзяцца, таксама прыехаць на мяжу, паглядзець, паразмаўляць, падыскутаваць, намеціць нейкія планы”, — сказаў чыноўнік.

Бліжэй да восені, паведаміў міністр, будзе арганізаваны “вялікі брыфінг з удзелам праваахоўных органаў і міжнародных арганізацый”, на якім плануецца “падрабязна разгледзець пытанні нелегальнай міграцыі і абстаноўку на беларуска-польскай мяжы”.

Дзеянні Польшчы на мяжы Рыжанкоў назваў “абсалютна ліхаманкавымі, бессістэмнымі”. “Нічога, акрамя вялізных нязручнасцей перавозчыкам, сярод якіх у асноўным толькі польскія перавозчыкі (адпаведна рашэнням Еўрасаюза), нічога, акрамя гуманітарных праблем для грамадзян, якія перасякаюць мяжу, сярод якіх і дзеці, гэтыя дзеянні не прыносяць”, — сцвярджае кіраўнік МЗС.

Афіцыйны Мінск, паводле яго слоў, заўсёды быў прыхільны “выбудоўванню добрасуседскіх стасункаў і трансгранічнай супрацы”. “У рэчышчы гэтых падыходаў заўсёды прапаноўвалі польскаму боку супрацоўніцтва па вырашэнні любых пытанняў, якія ўзнікаюць на нашай мяжы. Гэта наша мяжа, мы разам адказныя за яе. Але польскі бок пад рознымі падставамі ўхіляецца ад рэалізацыі нашых прапановаў”, — сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка, выступаючы 2 ліпеня на ўрачыстым сходзе, прысвечаным Дню незалежнасці, у чарговы раз заявіў, што нелегальныя мігранты ідуць у Еўрасаюз, бо іх туды “паклікалі”, у Беларусі іх “лавіць не будуць”.

З вясны 2021 года на мяжы Беларусі і Еўрасаюза працягваецца міграцыйны крызіс, які ўлады Польшчы і краін Балтыі называюць “гібрыднай атакай”, арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве.

13 чэрвеня на польска-беларускай мяжы пачала дзейнічаць буферная зона, пакуль тэрмін быў вызначаны ў 90 дзён. Паводле інфармацыі МУС Польшчы, дзякуючы ёй колькасць спробаў парушэння мяжы скарацілася прыкладна на траціну.

26 чэрвеня прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда па выніках сустрэчы са старшынёй КНР Сі Цзіньпінам, якая адбылася ў Пекіне, адзначыў, што “гібрыдная атака” на беларуска-польскай мяжы стала перашкодай для рэалізацыі кітайскай ініцыятывы “Адзін пояс — адзін шлях”. Днём раней МЗС Кітая заявіў, што разлічвае на паважлівыя ўзаемаадносіны Польшчы і Беларусі і вырашэнне праблемы на мяжы “шляхам кансультацый”.

Паводле слоў кіраўніка МЗС Польшчы Радаслава Сікорскага, Варшава разглядае магчымасць закрыцця ўсіх пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю — для грузаў, але не людзей.

Падзяліцца: