Мінск 12:40

Праз непагадзь плошча санітарных высечак лесу павялічана ў 1,5 раза — Мінлясгас

Фота: Мінлясгас

15 ліпеня, Позірк. Плошча суцэльных санітарных высечак лесу ў выніку непагадзі 13–14 ліпеня павялічана ў 1,5 раза — да 3,8 тыс. га, паведамляе прэс-служба Міністэрства лясной гаспадаркі.

Агульны аб’ём пашкоджанай драўніны толькі па суцэльных санітарных высечках ацэньваецца спецыялістамі ў 1 млн кубаметраў, адзначае ведамства.

Абследаванне участкаў лясоў з прычыны непагадзі працягваецца.

Непагадзь нанесла значны ўрон лясам у Гродзенскай, Мінскай, Магілёўскай абласцях.

Асабліва складаная сітуацыя ў Гомельскай вобласці. Паводле папярэдніх даных Мінлясгаса, агульны аб’ём суцэльных санітарных высечак тут складае каля 1,1 тыс. га.

Адна з найбольш пацярпелых гаспадарак Гомельскай вобласці — Мазырскі вопытны лясгас. Мінлясгас даручыў РУП “Белдзяржлес” прыпыніць бягучыя работы і накіраваць усе сілы і рэсурсы на абследаванне пашкоджаных участкаў ляснога фонду.

Адзначаецца, што лясгасы Гомельскай вобласці выдзеляць 40 брыгад леснікоў для расчысткі аўтамабільных дарог і ліній электраперадач. Работнікі лясной гаспадаркі “аператыўна расчышчаюць прылеглыя да ліній электраперадач участкі”, гаворыцца ў паведамленні.

Раніцай 15 ліпеня прэс-служба Міністэрства энергетыкі паведаміла, што за мінулыя суткі на тэрыторыі Беларусі праз непагадзь электразабеспячэнне парушалася ў 1.960 населеных пунктах.

Паводле звестак ведамства, адключэнні зафіксаваныя пераважна ў Гомельскім, Жлобінскім, Клімавіцкім, Мазырскі, Петрыкаўскім і Рэчыцкім раёнах Гомельскай вобласці, а таксама Быхаўскім, Магілёўскім і Чэрыкаўскім раёнах Магілёўскай вобласці.

У Гомельскай вобласці праз наступствы ўрагану абвешчаны рэжым надзвычайнай сітуацыі.

Падзяліцца: