Мінск 01:10

Праз наступствы непагадзі 700 населеных пунктаў застаецца без электрычнасці — Мінэнерга

Фота: прэс-служба Мінэнерга

16 ліпеня, Позірк. Праз наступствы непагадзі ў 700 населеных пунктах Беларусі ўсё яшчэ няма электрычнасці, паведамляе прэс-служба Міністэрства энергетыкі.

Паводле даных ведамства, за мінулыя суткі адноўлена электразабеспячэнне 783 населеных пунктаў краіны. Для гэтага было задзейнічана больш за 200 аварыйных брыгад і больш за 200 адзінак тэхнікі.

За ноч у Гомельскай вобласці электразабеспячэнне адноўлена ў 51 населеным пункце, у тым ліку ў Калінкавічах, Нароўлі, Ельску, электраэнергія пачала паступаць на Мазырскую ЦЭЦ. Працягваюцца работы па аднаўленні электразабеспячэння горада. Работы па ліквідацыі тэхналагічных парушэнняў праводзяцца ў 604 населеных пунктах рэгіёну.

Паводле даных Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, у Гомельскай вобласці шквалісты вецер паваліў больш за 800 дрэў, якія пашкодзілі высакавольтныя лініі электраперадачы.

З дапамогай генератараў МНС забяспечваюцца электрычнасцю крытычна важныя аб’екты, ратавальнікі дастаўляюць ваду насельніцтву. Да ліквідацыі наступстваў непагадзі прыцягнута больш за 100 адзінак тэхнікі ратавальнікаў, 200 супрацоўнікаў МНС і валанцёры.

У аздараўленчы лагер у Рэчыцкім раёне, дзе ад падзення дрэва загінула дзіця і яшчэ некалькі пацярпела, выязджала група псіхолагаў МНС — для працы з дзецьмі і работнікамі лагера.

У Магілёўскай вобласці адноўлена электразабеспячэнне 368 населеных пунктаў. На 8:00 аварыйныя брыгады працягваюць працаваць у 96 паселішчах.

У Мінскай вобласці 15 ліпеня праз навальнічны фронт з парывамі ветру да 24 м/с у гарадскім пасёлку Халопенічы (Крупскі раён) пашкоджаныя шыферныя дахі 115 прыватных і двух шматкватэрных жылых дамоў, васьмі аб’ектаў сацкультбыту. Пацярпелых няма.

Паводле даных МНС, удакладненых раніцай 16 ліпеня, у выніку праходжання 14 ліпеня навальнічнага фронту з моцнымі парывамі ветру пацярпела 594 населеныя пункты ў 33 раёнах.

Падзяліцца: