Мінск 04:04

Паліцыя Польшчы: У беларуса, які пракраўся ва ўрадавы будынак, не было забароненых прадметаў

Фота мае ілюстрацыйны характар
Крыніца: vsetutpl.com

16 ліпеня, Позірк. У затрыманага ў Варшаве пры пранікненні ва ўрадавы будынак 44-гадовага грамадзяніна Беларусі ў сумцы выяўленыя “гукавы сігнальны рэвальвер, тэлескапічная дубінка, некалькі відаў нажоў і балончыкаў з пярцовым газам”, паведамляе агенцтва РАР са спасылкай на новую інфармацыю польскай паліцыі.

Падкрэсліваецца, што, паводле папярэдняй ацэнкі, валоданне гэтымі прадметамі не забаронена польскім заканадаўствам.

15 ліпеня PAP паведаміла, што грамадзянін Беларусі ўзростам каля 40 гадоў “з небяспечнымі прадметамі ў сумцы” пракраўся ў будынак Міністэрства сям’і, працы і сацыяльнай палітыкі Польшчы ў Варшаве. Паводле інфармацыі агенцтва, з будынка было эвакуявана каля 150 чалавек.

Мужчына зайшоў у будынак “пасля 11 раніцы” (12:00 па Мінску), а “пасля 12 гадзін відавочцы паведамілі, што бачылі чалавека, якога выводзілі паліцэйскія”, адзначалася ў матэрыяле.

Паведамлялася, што ў мужчыны ў сумцы былі “газ, нож, тэлескапічная дубінка і, магчыма, пісталет”.

Падчас аперацыі тэрыторыя вакол будынка міністэрства была ачэпленая стужкай, напагатове стаялі паліцэйскія. Рух аўтамабіляў быў перанакіраваны на прылеглыя вуліцы. Акрамя паліцэйскіх, на месцы здарэння працавала пажарная брыгада.

Пазней людзі вярнуліся ў будынак міністэрства, рух аўтамабіляў быў адноўлены.

Падчас інцыдэнту ніхто не пацярпеў.

Падзяліцца: