Мінск 18:08

У Гомелі ліквідавана арганізаваная расіянінам наркалабараторыя

Скрыншот: відэаматэрыял МУС

22 ліпеня, Позірк. Супрацоўнікі наркакантролю Гомельскай вобласці выявілі і ліквідавалі лабараторыю па вытворчасці “асабліва небяспечнага псіхатропнага рэчыва мефедрон”, паведаміла 22 ліпеня прэс-служба Міністэрства ўнутраных спраў.

Высветлена, што лабараторыю ў арандаваным доме ў Гомелі арганізаваў 35-гадовы грамадзянін Расіі. Канфіскавана абсталяванне, прэкурсоры і 300 грамаў псіхатропу.

Паводле інфармацыі МУС, для распаўсюду рэчыва мужчына прыцягнуў дваіх грамадзян Беларусі: адзін быў кур’ерам, другі — закладчыкам.

“Усе ўдзельнікі злачыннай групы затрыманыя, узбуджаны дзве крымінальныя справы за незаконны абарот наркотыкаў, псіхатропаў, іх прэкурсораў і аналагаў. За гэта прадугледжана пазбаўленне волі да 20 гадоў”, — адзначыла ведамства.

На прэс-канферэнцыі 17 ліпеня ў Мінску намеснік міністра ўнутраных спраў — начальнік крымінальнай міліцыі Генадзь Казакевіч паведаміў, што ў 2024 годзе на тэрыторыі Беларусі спынена дзейнасць трох лабараторый, якія займаліся вырабам наркотыкаў і псіхатропаў.

Разам з тым у паведамленні МУС ад 22 ліпеня адзначаецца, што сёлета “падраздзяленнямі па наркакантролі ліквідаваныя чатыры падпольныя наркалабараторыі, дзве з іх на тэрыторыі Беларусі, яшчэ дзве — на тэрыторыі Расіі (сумесна з калегамі з гэтай краіны)”. “Вытворцамі дурману”, падкрэсліла ведамства, былі беларускія грамадзяне. У загалоўку навіны гаворыцца пра пятую ліквідаваную сёлета наркалабаторыю.

Падзяліцца: