Мінск 04:33

Расійскі дэпутат пахваліў Беларусь за смяротны прысуд “фрыцу” Крыгеру і прыгразіў сцягам РФ “на Берліне”

23 ліпеня, Позірк. Беларускія ўлады — “малайцы”, паколькі не ўвялі мараторый на пакаранне смерцю, заявіў першы намеснік старшыні камітэта Дзярждумы РФ па абароне Аляксей Жураўлёў у інтэрв’ю ютуб-каналу “Минск-Москва | Прямой эфир” 22 ліпеня, каментуючы смяротны прысуд грамадзяніну Германіі Рыка Крыгеру.

Не называючы яго па імені, дэпутат сказаў: “Вось там нейкага фрыца, там, трыццацігадовага прыгаварыў суд да расстрэлу ⟨…⟩ А мы вось так не робім, на жаль. А трэба было б”.

На думку Жураўлёва, вынясенне прысуду “многіх [на Захадзе] астудзіла”: “Гэта вельмі правільныя дзеянні — ну, хлопцы, вас будуць менавіта так”.

Парламентарый дапусціў, што такім чынам РФ і Беларусь “фармуюць абменны фонд” для перадачы зняволеных краінам ЕС наўзамен на ўласных грамадзян, якія знаходзяцца ў месцах несвабоды на Захадзе.

Каментуючы зняцце з прэзідэнцкіх выбараў у ЗША кандыдатуры дзейным прэзідэнтам Джо Байдэнам, ён заявіў, што з абраннем новых кіраўнікоў дзяржаў на Захадзе ў дачыненні да Масквы і Менска сітуацыя “не зменіцца”.

“У нас усё змяняецца толькі ў адным выпадку — калі рускі сцяг і, пажадана, беларускі на Берліне вісіць там, на рэйхстагу — вось тут яны так, становяцца, чамусьці, зусім іншымі людзьмі”, — сказаў Жураўлёў (цытата дадзена ў арыгінале).

“Калі беларускі сцяг разам з расійскім будзе на рэйхстагу, то яны (заходнія палітыкі. — “Позірк”.) вылечацца. Вы сабе не ўяўляеце, наколькі гэта будзе сяброўскі. Яны скажуць: “Ды мы ж вас чакалі, колькі можна было?” ⟨…⟩ Опа — даводзіцца зусім іншае войска сустракаць з хлебам і соллю. Яно ўсё роўна так і будзе. Па-іншаму мы іх ніяк не вылечым”, — заявіў прадстаўнік Дзярждумы.

Ён таксама выказаўся за ўзмацненне інтэграцыі з Беларуссю: “Мне б хацелася, канечне, больш інтэграцыйныя каб былі вось гэтыя працэсы, больш сур’ёзныя. Ведаеце, яны і так добрыя зараз, як той казаў, не сурочыць. Але каб гэта было яшчэ мацней. Гэта значыць, я хачу прыязджаць у Беларусь, ведаеце, як да сябе ў родны Варонеж. Вось так хачу”.

На думку Жураўлёва, не павінна быць зразумела тэрытарыяльна, “дзе там Расія заканчваецца, дзе Беларусь пачынаецца”.

“Суверэнітэт — напрамілы бог, няхай ён будзе, нават свая валюта, там, грашовая палітыка”, — сказаў прадстаўнік парламента РФ.

“Адна дзяржава, каб спаць і бачыць… Яна і так ёсць. Проста трэба некаторыя моманты адшліфаваць”, — дадаў ён.

Расія і Беларусь утвараюць “ваенны блок”, сказаў Жураўлёў: “У нас няма такога артыкула, што калі адна краіна, там, увязалася [у вайну], другая таксама ёй дапамагае. Але фактычна гэта так”.

62-гадовы Жураўлёў — старшыня партыі “Родина”, кіраўнік аб’яднання “Конгресс русских общин”. Паслядоўны прыхільнік анэксіі Расіяй украінскіх тэрыторый. Знаходзіцца пад санкцыямі Еўрасаюза, ЗША, Вялікабрытаніі і іншых краін.

24 чэрвеня Мінскі абласны суд пад старшынствам Алега Лапекі вынес смяротны прысуд Крыгеру. Вядома аб гэтым стала толькі 19 ліпеня.

Грамадзянін ФРГ прызнаны вінаватым паводле ч. 4 арт. 295 (незаконныя дзеянні ў адносінах да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў), ч. 4 арт. 309 (наўмыснае прывядзенне ў непрыдатнасць транспартнага сродку або шляхоў зносін), ч. 3 арт. 3611 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім), ч. 3 арт. 289 (акт тэрарызму), арт. 358-1 (агентурная дзейнасць) і арт. 133 (наёмніцтва) Крымінальнага кодэкса.

Прадстаўнік МЗС Германіі Крысціян Вагнер на прэс-канферэнцыі ў Берліне 22 ліпеня заявіў, што Берлін “абараняе інтарэсы прыгаворанага да смяротнага пакарання грамадзяніна ФРГ Рыка Крыгера перад беларускімі ўладамі”.

МЗС Беларусі 20 ліпеня заявіла, што беларускі бок прапанаваў Германіі “канкрэтныя рашэнні па наяўных варыянтах развіцця сітуацыі”.

24 лютага 2022 года Расія пачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны, называючы яе “спецыяльнай ваеннай аперацыяй”.

На першапачатковым этапе ўварвання беларуская тэрыторыя актыўна выкарыстоўвалася для ўводу войскаў, а таксама абстрэлу ўкраінскай тэрыторыі. Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што падтрымлівае РФ у яе дзеяннях.

Праваабаронцы заклікалі не дапусціць пакарання смерцю Рыка Крыгера

22 ліпеня, Позірк. Не дапусціць пакарання смерцю грамадзяніна Германіі Рыка Крыгера, прыгаворанага да гэтай меры ў Беларусі, заклікалі Мінск Міжнародная федэрацыя за правы чалавека (FIDH) і праваабарончы цэнтр "Вясна" ў сумеснай заяве, апублікаванай 22 ліпеня. "Вясна", якая адсочвае прымяненне смяротнага …

Прыгаворанага да расстрэлу Крыгера могуць абмяняць на асуджанага ў Германіі супрацоўніка ФСБ Красікава — Латушка

21 ліпеня, Позірк. "Ёсць падставы меркаваць", што смяротны прысуд грамадзяніну Германіі Рыка Крыгеру вынесены ў Беларусі ў рамках "дагаварняка" Аляксандра Лукашэнкі з Крамлём, заявіў на сваім ютуб-канале намеснік кіраўніка Аб'яднанага пераходнага кабінета, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Павел Латушка. "Бо …
Падзяліцца: